viasna on patreon

Суды над глыбоцкімі незалежнымі журналістамі перанесены

2015 2015-07-09T08:56:00+0300 2015-07-09T08:56:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smotkina-lupach-glybokae.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Татьяна Смоткина и Дмитрий Лупач.

Татьяна Смоткина и Дмитрий Лупач.

Працэсы над Таццянай Смоткінай і Зміцерам Лупачам мусілі адбыцца 9 і 10 ліпеня. Аднак у судзе патлумачылі, што разгляду справаў не будзе, бо дакументы накіраваны "на дапрацоўку" ў міліцыю.

На глыбоцкіх журналістаў Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб СМІ па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Дакументы для перадачы ў суд рыхтаваў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла.

Супраць Таццяны распачатая адміністрацыйная справа за артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі", размешчаны 9 чэрвеня на сайце Беларускага “Радыё Рацыя” (Польшча). Паводле матэрыялаў справы, яна ініцыявана Глыбоцкай пракуратурай. Зміцера Лупача вінавацяць за артыкул "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны на сайце "Еўрарадыё".
Падчас апытання ў міліцыі абодва журналісты адмовіліся ад тлумачэнняў, спаслыўшыся на артыкул №27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе грамадзянам не сведчыць сабе на шкоду.

"Дату суду нам прызначыў у міліцыі спадар Барыла. Напярэдадні я патэлефанавала ў суд, бо хацела яшчэ раз паглядзець матэрыялы сваёй справы, каб лепей падрыхтавацца да працэсу, -- распавяла Таццяна Смоткіна. – Але ў канцылярыі мне сказалі, што нашых са Зміцерам дакументаў у іх няма. Што іх адправілі назад у міліцыю, каб там выправілі нейкія неадпаведнасці".

У чым неадпаведнасці, журналістам не сказалі. І папярэдне аніякага тэрміну для з'яўлення ў суд не прызначылі. З міліцыі Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача таксама пакуль не турбавалі, каб нешта ўдакладніць або высветліць.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства