Журналіст Андрэй Мялешка рыхтуе скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН
Журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка, якога тройчы судзілі па абвінавачанні ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі”, а раней беспадстаўна выклікалі ў пракуратуру Гродзенскай вобласці, а таксама ў КДБ, рыхтуе скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Андрэй Мялешка перакананы, што дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь наўпрост парушаюць ягонае права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, пераследуючы за прафесійную дзейнасць. Журналіст перакананы, што ўсе тры разы яго судзілі і штрафавалі незаконна, паколькі заканадаўства прадугледжвае адказнасць па артыкуле 22.9, частка 2 КаАП Рэспублікі Беларусь для юрыдычных асоб, а не грамадзян. Журналісты-фрылансеры як фізічныя асобы не павінны падлягаць адказнасці паводле гэтага артыкулу.
Таксама Андрэй Мялешка падаваў дакументы на афіцыйную акрэдытацыю яго як карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя, аднак, МЗС Беларусі адмовіў яму. Усе суды, у якіх Мялешка аспрэчваў рашэнне судоў першай інстанцыі, адмовілі журналісту ў задавальненні скаргаў. Такім чынам, склалася замкнёнае кола і існуе фактычная забарона для журналіста на прафесію, а магчымасці дамагчыся забеспячэння сваіх правоў на нацыянальным узроўні вычарпаныя.
Прыгадаем, што 16 чэрвеня 2014 года суддзя Кастрычніцкага раённага суда Гродна Дзмітрый Кедаль аштрафаваў журналіста на 30 базавых велічынь, 7 кастрычніка 2014 года суддзя Гродзенскага раёну Ганна Лявусік – на 35 базавых велічынь і 2 снежня 2014 года суддзя Ленінскага раёна Юрый Казакевіч – на 40 базавых велічынь.