Крычаў: чарговая карупцыйная справа
На судовым працэсе па разгляду крымінальнай справы былога генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леаніда Скоцкага пракурор Крычаўскага раёна Уладзімір Трывайла запатрабаваў яго пакарання 12 гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а таксама на пяць гадоў абмежаванне займаць кіруючыя пасады, звязаныя з кантрольна-распарадчымі функцыямі. Уладзімір Трывайла агучыў сваё патрабаванне ў судзе Крычаўскага раёна 25 траўня.
Як паведамляе інтэрнэт-сайт незалежнай газеты “Вольны горад”, на судовым працэсе пацвердзілася інфармацыя пра адладжаную сістэму пабораў, якая існавала на ААТ “Крычаўцэменташыфер”, калі ў якасці генеральнага дырэктара там працаваў Леанід Скоцкі.
Суд Крычаўскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў адносінах да былога генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леаніда Скоцкага 10 сакавіка. Леанід Скоцкі абвінавачваецца згодна ч.3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі), ч. 1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабара) Крымінальнага кодэкса. Па дадзеных следства, Леанід Скоцкі незаконна атрымаў у агульнай колькасці 214 мільёнаў рублёў. Згодна следства, былы генеральны дырэктар датычны да 12 эпізодаў пабораў грашовых сродкаў з прэмій працаўнікоў завода. Леанід Скоцкі, атрымліваючы заробак каля 30 млн. рублёў, не грэбаваў браць хабары ў 20 даляраў, а таксама харчавацца ў завадской сталовай, не плацячы за гэта грошы.
Нагадаем, што генеральны дырэктар ААТ “Крычаўцэменташыфер” Леанід Скоцкі быў затрыманы восенню 2013 года супрацоўнікамі МУС і КДБ пры перадачы грошай. Леанід Скоцкі спрабаваў прысвоіць 40 мільёнаў рублёў, выдадзеных працаўнікам прадпрыемства ў якасці прэміі "за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў” у першым паўгоддзі 2013 года.
Да свайго прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леанід Скоцкі працаваў намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама, на момант арышту ён таксама з’яўляўся членам Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта. У 2012 годзе Леанід Скоцкі быў прызнаны “Чалавекам года” Крычаўскага раёна.