На зварот жыхароў Віцебска ўлады ў чарговы раз паабяцалі зрабіць веладарожкі
Каб дамагчыся абяцання зрабіць інфраструктуру для ўладальнікаў ровараў, прадстаўнікам віцебскай грамадскасці спатрэбілася амаль 4 гады. Цяпер засталося дачакацца, каб абяцанні былі выкананыя. Але якраз у гэтым ёсць вялікія сумненні.
Змаганне за веладарожкі і велапаркоўкі ў абласным цэнтры ў 2011 годзе распачаў Уладзімір Рамановіч, адзін з маладых віцебскіх аматараў здаровага ладу жыцця. Ён ініцыяваў "велапакатушкі", падчас якіх моладзь не толькі каталася на роварах па горадзе, але і фотаграфавала месцы, нязручныя для перасоўвання на гэтым транспарце – напрыклад, высокія бардзюры.
"Раней лічылася, што раз на ровары – то гэта або сельскі жыхар, або спартовец. Але цяпер колькасць велааматараў значна ўзрасла, бо людзі хочуць падтрымліваць здаровы лад жыцця, не псаваць экалогію… Аднак такіх будзе няшмат, пакуль людзі будуць баяцца выязжаць у горад на ровары праз тое, што можна трапіць у аварыю. Таму я лічу, што неабходныя і веладарожкі, і велапаркоўкі, а потым нават можна стварыць адмысловыя экскурсійныя веламаршруты – па гістарычных мясцінах Віцебска", -- казаў У. Рамановіч.
Яшчэ тады, у 2011 годзе, ініцыятыўная група звярталася да гарадскіх уладаў і ў ДАІ са сваімі прапановамі. Ад супрацоўнікаў ДАІ актывісты чулі толькі ўхвальныя словы – маўляў, канешне – веладарожкі – гэта было б здорава. Падтрымалі ідэю і камунальнікі, але толькі ў тэорыі: на практыцы высветлілася, што сродкаў на тое, каб намаляваць фарбай палоскі на ходніках, у бюджэце няма. Каб былі – то можна было б зрабіць веладарожкі без праблем, асабліва на новых вуліцах, дзе шырокія ходнікі – прыкладам, на праспекце Перамогі…
Пра магчымасць уладкавання веладарожак на гэтым праспекце гарадскія ўлады адказалі і групе гараджан, якія ў 2015 годзе зноў збіралі подпісы па преблеме перасоўвання на роварах. 26 траўня каардынатар аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец, адна з ініцыятарак кампаніі "Віцебску-веладарожкі", ад імя 159 жыхароў Віцебска адправіла электронны зварот на імя начальніка аддзела транспарта і камунікацый Віцебскага аблвыканкама Андрэя Гулідзіна. У звароце была пераказана доўгая гісторыя "абівання парогаў” дзяржаўных устаноў наконт арганізацыі ў Віцебску веладарожак, пералічаны абяцанні, так дагэтуль і не спраўджаныя.
У адказе выконваючага абавязкі начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама было сказана, што ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама вызначыла пералік вуліц горада, на якіх маецца магчымасць уладкавання веласіпедных дарожак, сумешчаных з тратуарамі. Да 1 ліпеня плануецца пазначыць дарожнай разметкай веладарожкі на ходніках па праспекце Перамогі.
Можна было б святкаваць перамогу, але ў актывістаў ёсць сумневы ў тым, што абяцанні будуць выкананыя . Бо яшчэ ў траўні прадстаўнікі віцебскіх уладаў заяўлялі, што “ўладкаванне веласіпедных дарожак шляхам разметкі, нанесенай на тратуары, не ўяўляецца магчымым”, бо будзе цесна мінакам…
"Мы настойваем на найхутчэйшым вырашэнні праблемы. Гораду гэта абыйдзецца малой крывёю, а парадку і зручнасці павялічыцца ў разы. Нарэшце, стварэнне веладарожак - гэта мінімум, чаго патрабуюць ад уладаў самі жыхары, праяўляючы ўласную ініцыятыву паўдзельнічаць у жыцці горада, рэалізуючы права на ўдзел у грамадскім самакіраванні, праяўляючы клопат пра парадак, экалагічнасць, здаровы лад жыцця. Усё гэта штучна абмяжоўваецца мясцовымі ўладамі, бо ў іншых гарадах падобных праблем не паўстае. Але ў Віцебску змаганне за інфраструктуру для ўладальнікаў ровараў заняло 4 гады. І на сённяшні дзень мы маем толькі абяцанні – накшталт тых, якія даваліся пра стварэнне безбар'ернага асяроддзя для людзей з абмажаванымі магчымасцямі. Аднак мы бачым, што на справе ўсё зусім не так "гладка і роўна", як на афіцыйных паперах. Таму будзем чакаць, ці спраўдзяцца абяцанні гарадскіх чыноўнікаў і ДАІ", - гаворыць Таццяна Севярынец.