Баранавічы: справу аб забароне першамайскага пікета разгледзіць Брэсцкі абласны суд
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда разгледзіць справу аб забароне першамайскага пікета ў Баранавічах. Разгляд касацыйнай скаргі прафсаюзнага актывіста Рыгора Грыка назначаны на 6 ліпеня а 11-й гадзіне. Гэта вынікае з ліста за подпісам суддзі Мікалая Сельмановіча і намесніка старшыні суда суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Святланы Снежка, які атрымаў актывіст Рыгор Грык.
– Мне Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет, бо ў маёй заяве не было сказана, ці будуць ва ўдзельнікаў пікета аўтамабілі і піратэхнічныя сродкі. Суд першай інстанцыі прыняў бок гарвыканкама. Але артыкул 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” патрабуе, каб звесткі аб выкарыстанні піратэхнічных сродкаў і транспарту падаваліся ў заяве, калі арганізатары масавага мерапрыемства іх намераны выкарыстоўваць. А паколькі я хацеў правесці пікет без выкарыстання транспартных і піратэхнічных сродкаў, то нічога пра гэта і не пісаў у сваёй заяве. Лічу, што я выканаў усе патрабаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, таму спадзяюся на аб’ектыўнае і справядлівае разбірацельства ў абласным судзе, – пракаментаваў Рыгор Грык.
Ён дадаў, што будзе прасіць Брэсцкі абласны суд адмяніць рашэнне суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы ад 21 траўня 2015 года і вынесці новае рашэнне, не перадаючы справу на новы разгляд.