Ці ўзгадаюць кандыдаты на прэзыдэнта палітзняволеных у сваіх праграмах?
Палітвязьні.інфо запыталіся ў лідэра партыі “Беларускі народны фронт”, ці загучыць тэма палітзняволеных пад час прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.
Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што тэма палітвязняў павінна быць адлюстравана ў перадвыбарчых праграмах кандыдатаў і кандыдатак на выбарах—2015 году. Ён лічыць абсалютна недапушчальным і абуральным для краіны, калі людзі знаходзяцца ў турме за іх палітычныя перакананні. “Тут пытанне ня толькі асабістага лёсу гэтых асобаў, а пытанне таго ладу і стану, у якім знаходзіцца краіна”, — дадаў старшыня Партыі БНФ.
— Ці кампанія Народны рэфэрэндум, або Партыя БНФ адлюструе тэму палітвязняў у перадвыбарчых лозунгах, мэсаджах, на агітацыйных плакатах?
Аляксей Янукевіч: Канкрэтнага плянавання лозунгаў і мэсаджаў кампаніі Тацяны Караткевіч пакуль не было. Гэта справа яшчэ наперадзе. Але лозунг, ён зразумелы: Свабоду палітвязням! Гэты выраз, на жаль, прысутнічае ў палітычным жыцці краіны ўжо досыць даўно. Ён ясны, зразумелы і адлюстроўвае сутнасць нашых патрабаванняў.
— Ці будзе Партыя БНФ патрабаваць ад кандыдаткі, якую падтрымала, прамаўлення і падкрэсліваньня лозунга “Свабоду палітвязням”?
Аляксей Янукевіч: Натуральна мы тэму палітвязняў пакідаць не збіраемся. Народны рэфэрэндум скіраваны на тое, каб звярнуць увагу грамадзтва, што апазіцыя можа прапанаваць рашэнні па тых пытаннях і праблемах, якія сёння турбуюць людзей.
На жаль, пытаньне палітычных вязняў не належыць да такіх. Але гэта не азначае, што дзеля нейкіх папулістычных, каньюктурных меркаванняў мы пакінем гэтыю тэму ўбаку.
Натуральна, тэма палітычных вязьняў, неабходнасці іх вызвалення, наогул змянення той сістэмы, якая сёння дапускае існаванне палітзняволеных, загучыць. Нашыя актывісты Партыі БНФ плануюць працаваць і ў часе парламенцкіх выбараў і ў часе прэзідэнцкіх выбараў 2015 году на карысць вызвалення палітвязняў.