viasna on patreon

Суд Крычаўскага раёна спыніў адміністрацыйную справу ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава

2015 2015-06-05T11:07:42+0300 2015-06-05T11:07:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudraucau-sud-krychau.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 чэрвеня ў судзе Крычаўскага раёна завершыўся разгляд адміністрацыйнай справы па абвінавачванні ў паклёпе на оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Аляксандра Дзямешку з боку выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава.

Падчас судовага пасяджэння былі заслуханы выступы Уладзіміра Кудраўцава і А. Дзямешкі. Уладзімір Кудраўцаў зноў звярнуўся да суда з просьбай спыніць справу за адсутнасцю ў яго дзеяннях падзеі і складу правапарушэння, спаслаўшыся пры гэтым на шматлікія парушэнні, дапушчаныя супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС пры складанні паўторнага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні на яго адрас.

Пасля гэтага суддзя Кацярына Шматкова на працягу гадзіны зачытвала і азнаямлівала прысутных з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, якіх назбіралася аж тры тамы. У сваім выступе суддзя са станоўчага боку адзначыла той факт, што ПЦ “Вясна” вельмі аператыўна адрэагаваў на яе запыт і адразу ж даслаў на яго адказ.

Пасля невялікага перапынку суддзя Шматкова вынесла рашэнне спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава ў сувязі з сканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці (арт. 7.6 ч.1 КаАП РБ). Тэрмін прыцягнення спадара Кудраўцава да адміністрацыйнай адказнасці скончыўся 4 чэрвеня 2015 г.

Праваабааронца Барыс Бухель выказаў меркаванне, што спыненне судом справы ў сувязі з сканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці з’яўлялася найлепшым выхадам для супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС, якія дапусцілі шматлікія парушэнні пры складанні адміністрацыйных пратаколаў у адносінах Уладзіміра Кудраўцава, і ў якіх не было фактычна ніякіх юрыдычных шансаў прыцягнуць яго да адказнасці. У сваіх выступах у судзе крычаўскія міліцыянты пастаянна блыталіся і змянялі паказанні.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны адзначыў, што зараз журналісты “Вольнага горада” будуць раіцца і разглядаць пытанне аб тым, ці трэба абскарджваць пастанову суда Крычаўскага раёна ў частцы змены фармулёўкі падставы спынення адміністрацыйнай справы з мэтай поўнай рэабілітацыі Уладзіміра Кудраўцава. Да таго ж, па словах Сяргея Няроўнага, журналістаў “Вольнага горада” абурыў той факт, што ў судзе “пакрыўджаны” А. Дзямешка сцвярджаў, што Кудраўцаў не прыносіў яму дадатковыя заявы аб фактах супрацьпраўных дзеянняў начальніка ідэалагічнага аддзела Крычаўскага райвыканкама М. Максімавай, што не адпавядае рэчаіснасці.

Нагадаем, што ў новым адміністрацыйным пратаколе 25 траўня падпалкоўнік Вусік напісаў, што Кудраўцаў, знаходзячыся ў сябе дома, “падрыхтаваў загадзя ілжывую ганьбячую выдумку ў адносінах оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Дзямешка А. В. у выглядзе прадастаўлення ўладальнікам сайта глабальнай сеткі інтэрнэт spring96.org інфармацыі аб тым, што Дзямешка А. В. пагражаў яму ўзбуджэннем крымінальнай справы за паклёп пры разбіральніцтве па яго заяве ў адносінах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Максімавай М. М., пасля чаго ўказаная інфармацыя 5.04.2015 г. была апублікавана на дадзеным сайце”.

Сам Уладзімір Кудраўцаў заўсёды сцвярджаў, што ніякай інфармацыі паклёпніцкага зместу ў адносінах да Аляксандра Дзямешкі не распаўсюджаваў. Падставай для складання абодвух адміністрацыйных пратаколаў у адносінах да яго паслужыў матэрыял аб яго спробах прыцягнуць да адказнасці па фактах супрацьпраўных дзеянняў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыну Максімаву, дзе таксама ўзгадваўся і оперупаўнаважаны А. Дзямешка, які праводзіў праверку па заяве Уладзіміра Кудраўцава.

Сваю ж заяву ў пракуратуру Крычаўскага раёна з патрабаваннем прыняць меры пракурорскага рэагавання з мэтай неперадузятага і аб’ектыўнага правядзення праверкі ГБЭЗ РАУС і просьбай абараніць яго ад намёкаў і пагроз з боку оперупаўнаважанага ГБЭЗ РАУС А. Дзямешкі Уладзімір Кудраўцаў накіроўваў яшчэ 16 снежня 2014 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства