viasna on patreon

Выдавец газеты “Вольны горад” адмовіўся даваць дадатковыя сведчанні па справе аб паклёпе на міліцыянера

2015 2015-05-26T09:35:26+0300 2015-05-26T09:36:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudraucau-uladzimir-krychau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кудраўцаў.

Уладзімір Кудраўцаў.

Выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 25 траўня накіраваў пісьмовую заяву на імя начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС падпалкоўніка Вусіка І. В., у якой адмовіўся ад яўкі ў РАУС па позве і дачы сведчаўняў на падставе артыкула 27 Канстытуцыі РБ. Ён спаслаўся на тое, што выклік яго незразумелай позвай з’яўляецца ціскам з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Па словах спадара Кудраўцава, у нядзелю 24 траўня ён знайшоў у сваёй паштовай скрыні позву ў міліцыю за подпісам падпалкоўніка Вусіка І. В. У ёй было пазначана, што Уладзімір Кудраўцаў павінен з’явіцца ў Крычаўскі РАУС у 9-30 25 траўня 2015 г., прычым не было ўказана, у якасці каго і на якой падставе яго выклікаюць. У сувязі з гэтым, а таксама і з тым, што ніхто яму асабіста позву пад роспіс не ўручыў, Уладзімір Кудраўцаў вырашыў напісаць пісьмовую заяву на імя падпалкоўніка Вусіка.

Выдавец “Вольнага горада” паведаміў падпалкоўніку Вусіку, што ён падрабязна распавёў пра ўсе абставіны “правапарушэння” у сваім выступе ў судзе Крычаўскага раёна 15 траўня 2015 г., на які ні падпалкоўнік Вусік, ні яго падначаленыя чамусьці не з’явіліся. Уладзімір Кудраўцаў таксама нагадаў начальніку аддзела АПП пра тое, што суддзя Кацярына Шматкова задаволіла яго хадайніцтва дапытаць у якасці сведкі рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага і шэраг іншых хадайніцтваў, і выказаў сваё меркаванне, што выклік яго зараз незразумелай позвай у Крычаўскі РАУС з’яўляецца ціскам у адносінах да яго з боку супрацоўнікаў міліцыі.

25 траўня Уладзімір Кудраўцаў занёс сваю пісьмовую заяву ў Крычаўскі РАУС і паспрабаваў яе там зарэгістраваць, аднак супрацоўнікі дзяжурнай часткі замест рэгістрацыі паперы выклікалі падпалкоўніка Вусіка. Падпалкоўнік Вусік настойліва прапаноўваў Уладзіміру Кудраўцаву зайсці да яго ў кабінет, ад чаго той рашуча адмовіўся і пакінуў будынак РАУС. Пасля гэтага спадар Кудраўцаў наведаў мясцовае аддзяленне сувязі і накіраваў праз пошту сваю заяву заказным пісьмом з уведамленнем.

Нагадаем, што ў судзе Крычаўскага раёна 15 траўня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па абвінавачванні ў паклёпе на оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Аляксандра Дзямешку з боку выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава.

У выніку разгляду справы суддзя Кацярына Шматкова прыняла пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай справы ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава ў Крычаўскі РАУС на дапрацоўку.

Уладзімір Кудраўцаў абвінавачваецца ў тым, што ён “распаўсюдзіў заведама ілжывую ганебную выдумку” ў дачыненні да оперупаўнаважанага Крычаўскага РАУС Дзямешкі А. В. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 9.2. КаАП («паклёп») быў складзены начальнікам Аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі (ААПП) Крычаўскага РАУС Вусікам І. В. 23 красавіка 2015 г. у памяшканні Крычаўскага РАУС, куды быў адмыслова выкліканы выдавец “Вольнага горада”.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні не былі названыя ні публікацыя, ні сайт, на якім быццам бы распаўсюджаныя “заведама ілжывыя” звесткі ў дачыненні да А. Дзямешкі. Згадваецца толькі, што здзейсніў гэта Уладзімір Кудраўцаў 5 красавіка 2015 г. у 13.00.

Ні сам “пакрыўджаны” Аляксандр Дзямешка, ні падпалкоўнік Вусік, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, ні іншыя супрацоўнікі Крычаўскага РАУС на суд чамусьці не з’явіліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства