viasna on patreon

Дэпутат Эдуард Сянькевіч нічым не дапамог абвесціўшым галадоўку магіляўчанам

2015 2015-05-22T14:33:09+0300 2015-05-22T14:33:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/senkevich.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 22 траўня, на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў атрымалася патрапіць галадоўніцам Наталлі Машкоўскай, Валянціне Батуры, а таксама грамадскаму актывісту Валадару Цурпанаву.

Дэпутат ад Магілёва Эдуард Сянкевіч прыняў грамадзян, выслухаў іх і прызнаў, што дакументаў сапраўды не хапае, каб выносіць падобнае рашэнне па дому 59 па вуліцы Ленінскай, з якога перасялілі грамадзян у інтэрнат замест раўнаважных кватэр, аднак спаслаўся на тое, што ёсць жа рашэнні судоў і пракуратуры і адзінай магчымасцю, каб нешта даказаць, трэба шукаць у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.

Сянькевіч таксама сказаў галадоўнікам, што няма ніякага сэнсу галадаць, бо ад гэтага можна толькі атрымаць хваробу страўніка, на што грамадзяне адказалі, што галадоўка – гэта іхняя апошняя мера, каб прыцягнуць увагу да іх праблемы, да якой чыноўнікі застаюцца абыякавымі, а суды і пракуратура скажаюць сапраўдны стан рэчаў.

Тым часам стала вядома, што сёння ў 15-00 да галадоўнікаў мусіць зайсці адзін з чыноўнікаў, які адказны за будаўніцтва і архітэктуру, каб больш дэтальна разабрацца ў сітуацыі.

Ініцыятар стварэння штаба ў падтрымку галадоўнікаў Валадар Цурпанаў кажа, што чыноўнікі больш не могуць ігнараваць галадоўку грамадзян:

-          Мясцовай уладзе трэба паказаць, што яны не ігнаруюць грамадзян. Інакш – гэта ж падрыў іх аўтарытэту. Да галадоўнікаў зараз вялікая ўвага з боку СМІ, якія падаграюць інтарэс да іх праблемы. Спадзяюся, што рашэнне ў рэшце рэшт будзе прынята на карысць галадоўнікаў.

Цурпанаў кажа, што вечарам да галадоўнікаў прыйдуць з паліклінікі – будуць кантраляваць стан здароўя. Апроч таго, грамадскі актывіст адзначае, што ў інтэрнаце былі заўважаны двое людзей у цывільным, якія дужа падобны на супрацоўнікаў спецслужбаў, якія накіраваліся на размову ў кабінет каменданта інтэрната.

Нагадаем, што 18 траўня пяцёра жыхароў Магілёва абвесціла бестэрміновую галадоўку. Людзі пратэстуюць супраць незаконнага высялення іх з д.59 па вуліцы Ленінскай і патрабуюць вярнуць ім старое жыллё альбо выдаць новае ў межах горада.   

У пачатку мінулага года іх дом прызналі аварыйным, і людзей перасялілі ў інтэрнат. Цяпер улады хочуць прызнасць д.59 інтэрнатам, аднак людзі маюць на руках ордэры на атрыманыя ў гэтым доме кватэр.          

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства