Выдаўца газеты “Вольны горад” спрабуюць выклікаць у Крычаўскі РАУС
Выдаўцу газеты “Вольны горад” Уладзіміру Кудраўцаву 21 траўня патэлефанаваў начальнік ААПП Крычаўскага РАУС Вусік І. В. і запрасіў яго прыйсці ў райаддзел. Уладзімір Кудраўцаў паведаміў падпалкоўніку Вусіку, што ён наведае Крычаўскі РАУС толькі пасля атрымання на рукі аформленай згодна закона афіцыйнай позвы.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС паабяцаў выдаўцу “Вольнага горада”, што такая позва будзе ўручана яму ўжо ў бліжэйшы час.
Па меркаванні рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, крычаўскія міліцыянты спрабуюць выклікаць Уладзіміра Кудраўцава для складання новага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Па словах Сяргея Няроўнага, зараз спадар Кудраўцаў не збіраецца даваць крычаўскім праваахоўнікам нейкія звесткі, датычныя сваёй асобы, бо ўжо мае сумны вопыт іх своеасаблівай інтэрпрэтацыі мясцовай міліцыяй.
Нагадаем, што раней Уладзіміра Кудраўцава 23 красавіка выклікалі ў Крычаўскі РАУС і там склалі на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Выдаўца газеты “Вольны горад” абвінавацілі ў тым, што ён “распаўсюдзіў заведама ілжывую ганьбячую выдумку ў адносінах оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Дзямешка А. В., які пагражаў яму ўзбуджэннем крымінальнай справы за паклёп пры разбіральніцтве па яго заяве ў адносінах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага РАУС Максімавай М.М.” (у прыватнасці, так было напісана ў складзеным начальнікам ААПП Крычаўскага РАУС падпалкоўнікам Вусікам І. В. пратаколе).
Пратакол на выдаўца “Вольнага горада” быў складзены па арт. 9.2. КаАП ("Паклёп"), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. У пратаколе не былі названыя ні артыкул, ні сайт, дзе быццам бы распаўсюджаны “заведама ілжывыя” ганьбячыя звесткі ў адносінах А. Дзямешкі, толькі было пазначана, што здзейсніў гэта Уладзімір Кудраўцаў 5.04.2015 г. у 13-00.
15 траўня ў судзе Крычаўскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па абвінавачванні ў паклёпе на оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Аляксандра Дзямешку з боку выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава.
У выніку разгляду справы суддзя Кацярына Шматкова прыняла пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай справы ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава ў Крычаўскі РАУС на дапрацоўку для ўхілення недахопаў. Пры гэтым судддзя Шматкова спаслалася на тое, што ў складзеным падпалкоўнікам Вусікам пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні “не ўказаны наступныя абставіны: якім менавіта чынам і дзе асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, Кудраўцаў У. В., распаўсюдзіў заведама ілжывыя, ганьбячыя другую асобу выдумкі”.
Таксама суддзя Шматкова ўказала на тыя абставіны, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць дадзеныя аб уладальніках і рэдакцыі інтэрнэт-рэсурса, на якім, згодна рапарта часова выконваючага абавязкі па пасадзе начальніка аддзелянне інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Магілёўскага аблвыканкама Сінкевіча, быў размешчаны артыкул, які змяшчаў гэту інфармацыю.
Ні сам “пакрыўджаны” оперупаўнаважаны ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Дзямешка, ні іншыя супрацоўнікі Крычаўскага РАУС у суд, які разглядаў адміністрацыйную справу ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава, чамусьці не з’явіліся.