Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Баранавіцкі актывіст падаў у суд на гарадскі выканаўчы камітэт; 12 траўня ў Бруселі адбылася сустрэча з роднымі шасці беларускіх палітвязняў; Стала вядомае новае месца адбыцця пакарання палітвязня Мікалая Дзядка.
"Каментар Эксперта": Міністэрства Унутраных Спраў Беларусі прапануе скараціць працягласьць кароткага спаткання да дзьвюх гадзінаў ў выхаваўчых мэтах. З прыняццем новых нормаў і скарачэннем часу на кантакты зняволеных з сваякамі, насуперак меркаванню міністра ўнутраных спраў Беларусі, немінуча нівелюецца выхаваўчая функцыя пенітэнцыярных установаў.Сітуацыю каментуе юрыст ПЦ "Вясна" Павал Сапелка
“Падзея”: Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўступіла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Аднак эксперты адзначаюць, што пра выкананне асноўных прынцыпаў Балонскага працэсу, такіх як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй казаць пакуль не даводзіцца.
“Па-за межамі”: Апеляцыйны суд у Бахрэйне 14 траўня падтрымаў прысуд аб зняволенні Набілу Раджабу, прэзідэнту Бахрэйнскага Цэнтра па правах чалавека і намесніку Генеральнага сакратара FIDH, асуджанаму за “публічную абразу афіцыйных устаноў” у Твітэры. Праваабаронцы прызналі Набіла Раджаба вязнем сумлення і абвясцілі акцыю з патрабаваннем яго вызвалення. ПЦ“Вясна” далучыўся да акцыі Amnesty International у падтрымку калегі і сябра з Бахрэйна Набіла Раджаба.
У музыных паўзах - кампазіцыі гурта Recha.