viasna on patreon

Палата прадстаўнікоў: Падставы для дэкрыміналізацыі артыкула 411 Крымінальнага кодэксу адсутнічаюць

2015 2015-05-18T15:43:17+0300 2015-05-18T15:57:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihalkova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Людміла Міхалькова. Фота www.pravo.by

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Людміла Міхалькова. Фота www.pravo.by

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Міхалькова адказала ПЦ “Вясна” на зварот аб скасаванні з Крымінальнага кодэксу Беларусі артыкула 411.

Нагадаем, Праваабарончы цэнтр “Вясна” 3 красавіка ад імя кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага накіраваў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зварот, у якім паставіў перад заканадаўцам пытанне аб скасаванні артыкула 411 Крымінальнага кодэкса “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі”.

Праваабаронцы лічаць, што артыкул 411 КК супярэчыць пункту 7 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які абвяшчае, што «ніхто не павінен быць другі раз судзімым або пакараным за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны ці апраўданы ў адпаведнасці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны».

Звярталі эксперты ўвагу і на тую акалічнасць, што артыкул 411 КК нярэдка выкарыстоўваецца для пераследу і ўзмацнення ціску на палітычных зняволеных. Дастаткова прыгадаць справу палітвязня Мікалая Дзядка

У звароце таксама акцэнтавалася ўвага на тую акалічнасць, што дысцыплінарныя спагнанні за парушэнні, пералічаныя ў артыкуле 411, накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній - афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага і выбарчага прымянення артыкула 411 – напрыклад, супраць няўгоднага адміністрацыі папраўчай установы зняволенага ці пры палітычным матыве ўладаў.  

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Людміла Міхалькова ня бачыць тут вялікай праблемы, і ў якасці прыкладу прыводзіць заканадаўства Рэспублік Узбекістан, Казахстан і Украіны, дзе існуюць аналагічныя артыкулы.

“Парадак прызнання асобы, якая злосна парушае вызначаны парадак адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, строга рэгламентаваны ў законе (артыкул 117 Крымінальна-папраўчага кодэксу). Вырашаючы пытанне аб прыцягненні асобы да крымінальнай адказнасці па арт. 411 КК, орган папярэдняга следства, пракурор і суд абавязаны праверыць законнасць папярэдняга прымянення да асуджанага прызначаных раней мер дысцыплінарнага спагнання. З прычыны выкладзенага, з Вашымі доказамі аб тым, што арт. 411 КК дае адміністрацыі папраўчых устаноў магчымасць злоўжываць сваім службовым становішчам у частцы вольнага прыцягнення да адказнасці за нязначныя правіннасці, нельга пагадзіцца. Як і па ўсіх іншых відах злачынстваў ацэнка доказаў вінаватасці асобы і прыгавор па справе вызначаецца толькі судом”.

У сваім звароце праваабаронцы ўказвалі, што неабходнасць скасавання артыкула 411 з Крымінальнага кодэкса, вынікае з дысцыплінарнай прэюдыцыі. Яе сутнасць ў тым, што дзеянне становіцца злачынствам, калі яно здзейсненае на працягу года пасля накладання спагнання за такое ж парушэнне. Пры гэтым эксперты падкрэсліваюць, што злачынства – гэта не сума розных правінаў. Аднак пакаранне па артыкуле 411 прызначаецца за тыя ж правіны, за якія асуджаныя ўжо панеслі пакаранне ў дысцыплінарным парадку.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў такім выпадку пазбаўленне волі (а гэта адзіны прадугледжаны артыкулам 411 від пакарання) супярэчыць прынцыпам крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці - справядлівасці і гуманізму.

Людміла Міхалькова перакананая, што наяўнасць у санкцыі артыкула 411 КК толькі аднаго віду пакарання – пазбаўлення волі – не супярэчыць прынцыпам справядлівасці і гуманізму (на што ўказвалі ў сваім звароце праваабаронцы), і абумоўлена здзяйсненнем злачынства ў месцах пазбаўлення волі.

Таму, – лічыць Міхалькова – указанне ў звароце на тое, што артыкул 411 КК з’яўляецца адзінай нормай крымінальнага закона з дысцыплінарнай прэюдыцыцяй, не можа лічыцца доказам таго, што падобная норма наогул не патрэбная ў Крымінальным кодэксе.”

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў робіць высновы, што выключэнне артыкула 411 з Крымінальнага кодэксу “прывядзе да … дзеянняў, якія заключаюцца ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што можа дапамагаць стварэнню ўмоў для здзяйснення асуджанымі асобамі другіх злачынстваў, у прыватнасці, групавых,  выклікаць іншыя негатыўныя тэндэнцыі, якія пагоршаць стан аператыўнай абстаноўкі і агульнай крымінагеннай сітуацыі ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы... З улікам выкладзенага, падставы для дэкрыміналізацыі артыкула 411 Крымінальнага кодэксу адсутнічаюць.”

Адказ на зварот праваабаронцаў прадстаўніка заканадаўчага органа краіны ў пытанні скасавання артыкула 411 з Крымінальнага кодэксу Беларусі каментуе юрыст Павел Сапелка:

“За парушэнне правілаў адбыцця пакаранняў прадугледжаны шырокі пералік рознага роду дысцыплінарных спагнанняў: пачынаючы ад сімвалічных, аж да змяшчэння ў "турму" ў калоніі - памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Зняволены можа быць пераведзены на больш строгі рэжым утрымання. Я не кажу ўжо пра тое, што такія злосныя парушальнікі не могуць разлічваць ні на ўмоўна-датэрміновае вызваленне або зніжэнне тэрміну пакарання па амністыі. Вось гэтыя меры нармальныя і прымяняюцца ў цывілізаваных прававых сістэмах.

Нармальна таксама ўжываць крымінальны закон, калі зняволены тэрарызуе іншых зняволеных ці адміністрацыю турмы; арганізуе групавыя акты непадпарадкавання.

У іншым выпадку пазбаўляць волі за нежаданне або няўменне выпраўляцца ва ўмовах пазбаўлення волі – бессэнсоўна”.

Глядзіце таксама меркаванне Паўла Сапелкі ў праграмме Белсату "Маю права".

Палата прадстаўнікоў: Падставы для дэкрыміналізацыі артыкула 411 Крымінальнага кодэксу адсутнічаюць

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства