Баранавічы: прэзентацыя новай кнігі пра рэпрэсіі ў савецкі і постсавецкі час
У Баранавічах 14 траўня адбылася творчая сустрэча грамадскасці горада з гісторыкам і краязнаўцам Андрэем Ляхновічам, які прэзентаваў сваю “Хроніку палітычнага тэрору: 1918 – 2008 Крупскі рэгіён/Малое Палессе/Друцка-Бярэзінскі край”. Аўтар кнігі адзначыў, што ён і яго паплечнікі збіралі матэрыял для сваёй кнігі амаль 25 гадоў. Рэдактарам выдання і аўтарам эсэ, змешчаных у кнізе, з’яўляецца рэдактар “Радыё Свабода” Сяргей Дубавец.
“Хроніка палітычнага тэрору” – гэта 504 старонкі шчыльна набранага тэксту са шматлікімі ілюстрацыямі пра лёсы дзвюх тысяч незаконна рэпрэсаваных жыхароў Крупскага рэгіёна на Міншчыне. Пэўна, цікавым у выданні з’яўляецца і тое, што ў кнізе паказаны не толькі лёсы пацярпелых ад савецкіх рэпрэсій, але і прыводзяцца звесткі пра тых, хто катаваў людзей, хто быў тады “пры ўладзе” ў гэтым рэгіёне, працаваў у сельскіх радах, органах НКУС, зацятых “актывістаў”, якія пісалі даносы на сваіх землякоў.
Аўтар кнігі звярнуў увагу прысутных, што ў афіцыйнай кнізе “Памяць” змешчана інфармацыя толькі пра 278 рэпрэсаваных у Крупскім раёне, а творчы калектыў гэтай кнігі сабраў за 25 гадоў звесткі пра лёсы больш за 2000 незаконна асуджаных грамадзян гэтай зямлі. Афіцыйныя дадзеныя аб рэпрэсіях не толькі замоўчваюцца, але і зменшаны як мінімум ў 7 разоў!
– Падчас дыскусіі аматары гісторыі адзначалі, што ў нас заўсёды дзяржаўным установам і краязнаўчым музеям забаранялася вывучэнне тэмы рэпрэсій, бо цяпер у модзе “лінія Сталіна” і імперскія стужкі. Таму функцыю па аб’ектыўным даследаванні тэмы рэпрэсій павінна ўзяць на сябе грамадзянская супольнасць. І ў Баранавічах такая праца вядзецца, і ёсць таксама выданні, прысвечаныя рэпрэсіям. Вялікі дзякуй баранавіцкаму гісторыку і пісьменніку Аляксандру Татаранку, якія смела ўзняў гэтую тэму ў сваёй кнізе “Недазволенная памяць” і які працягвае збіраць інфармацыю для сваёй новай кнігі пра рэпрэсіі савецкага часу на тэрыторыі Баранавіцкага краю, – пракаментаваў грамадскі актывіст Віктар Сырыца.
Да ўкладальніка кнігі было шмат пытанняў з боку прысутных, а паміж людзьмі старэйшага ўзросту ўзнікла гарачая дыскусія па агучаных праблемах.