Суд накіраваў адміністрацыйную справу супраць выдаўца “Вольнага горада” на дапрацоўку
15 траўня ў судзе Крычаўскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа па арт. 9.2. КаАП («Паклёп») у адносінах да выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава. Адміністрацыйны пратакол быў складзены з абвінавачвачванем у тым, што ён “распаўсюдзіў заведама ілжывую ганебную выдумку” ў дачыненні да оперупаўнаважанага Крычаўскага РАУС Дзямешкі А. В. начальнікам ААПП Крычаўскага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Вусікам І. В.
Разгляд справы ў судзе ажыццяўляла суддзя суда Крычаўскага раёна Кацярына Шматкова. Ні сам “пакрыўджаны” оперупаўнаважаны ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Дзямешка, ні іншыя супрацоўнікі Крычаўскага РАУС у суд не з’явіліся.
Суддзя задаволіла тры хадайніцтвы Уладзіміра Кудраўцава: дапытаць у якасці сведкі рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, дадаць да матэрыялаў справы копію звароту Уладзіміра Кудраўцава ў пракуратуру наконт пагроз з боку Аляксандра Дзямашкі і копію адказа на гэты зварот у пракуратуру з Крычаўскага РАУС, а таксама патрабаванне да РАУС прадаставіць у суд аўдыёзапіс размовы Уладзіміра Кудраўцава з Аляксандрам Дзямешкай.
Пасля гэтага Уладзімір Кудраўцаў выступіў у судзе і адказаў на некалькі пытанняў суддзі Шматковай.
У сваім выступе выдавец “Вольнага горада” падкрэсліў, што ён не згодзен с складзеным пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні і не лічыць сябе вінаватым. 23 красавіка яго выклікалі ў Крычаўскі РАУС па тэлефоне нібыта для гутаркі па заявах, звязаных з начальнікам аддзела ідэалогіі, культуры і моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай і там склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за паклёп, нібыта здзейснены ў адносінах Андрэя Дземешкі, пры гэтым нават не азнаёміўшы яго з заявай “пакрыўджанага”. Такая заява наогул не была далучана да матэрыялаў справы, пакуль суддзя, кіруючыся патрабаваннямі ПВКаАП, не вярнула матэрыялы справы, паступіўшыя з РАУС у суд, у Крычаўскі РАУС на дапрацоўку. Таксама Уладзімір Кудраўцаў спыніўся на шматлікіх парушэннях, якія былі дапушчаны супрацоўнікамі міліцыі пры складанні адміністрацыйнага пратакола і звярнуўся да суда з просьбай спыніць справу за адсутнасцю ў яго дзеяннях падзеі і складу правапарушэння.
Выдавец “Вольнага горада” папрасіў суд вынесці прыватнае вызначэнне на адрас як супрацоўнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, справакаваўшых гэты адміністрацыйны працэс супраць яго, так і супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС за дапушчаныя парушэнні, і далучыць яго выступ да матэрыялаў справы.
Заслухаўшы выступ Кудраўцава і задаўшы яму некалькі ўдакладняючых пытанняў, суддзя Шматкова зрабіла непрацяглы перапынак, пасля чаго зачытала пастанову аб тым, што суд Крычаўскага раёна накіроўвае адміністрацыйную справу ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава на дадатковую дапрацоўку ў Крычаўскі РАУС у сувязі з яе непадрыхтаванасцю. Копію пастановы суда Крычаўскага раёна Уладзімір Кудраўцаў зможа атрымаць у судзе ў панядзелак 18 траўня.