Генпракуратура адказала Рэвяцы пра «нармалізацыю» Лукашэнкам габрэяў
Чыноўнікі пракуратуры перакананыя, што довады Тацьцяны Рэвякі «дыскусійныя». Праваабаронца будзе дамагацца адказу па сутнасьці.
Генэральная пракуратура Беларусі ня ўгледзела распальваньня нацыянальнай варажнечы ў выказваньнях прэзыдэнта Беларусі падчас штогадовага звароту да народу і Нацыянальнага сходу. Тады Аляксандар Лукашэнка сказаў, што год таму даваў даручэньне «ўсіх габрэяў у Беларусі ўзяць пад кантроль».
Праваабаронца Тацьцяна Рэвяка зьвярнулася ў Генпракуратуру адразу пасьля звароту Аляксандра Лукашэнкі, зь якім ён выступіў 29 красавіка.
«Я лічу, што вылучэньне любой нацыянальнай групы пад асобны кантроль невядома на якіх падставах — вельмі трывожная сытуацыя. З гісторыі мы ведаем, што ўжо вылучаліся групы паводле нацыянальнай прыкметы. І ведаем, чым гэта заканчвалася. Такая „нармалізацыя“ заканчвалася ў газавай камэры. Таму я перакананая, што гэтая сытуацыя мусіць атрымаць належную юрыдычную ацэнку», — кажа Тацьцяна Рэвяка.
Паводле яе слоў, падставай для звароту сталі словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён прасіў кіраўніка Менаблвыканкаму Сямёна Шапіру ўзяць усіх габрэяў пад кантроль у Беларусі. Гэтую фразу суправаджаў пэрсанальны выпад супраць кіраўніка парталу tut.by Юрыя Зісера, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што таго «трэба нармалізаваць»
У сваім звароце праваабаронца напісала:
«Прашу Генэральную пракуратуру правесьці пракурорскую праверку і высьветліць, пад які кантроль кіраўнік дзяржавы даў распараджэньне паставіць дадзеную нацыянальную групу — габрэяў, у сувязі зь якімі абставінамі і зь якой мэтай».
Тацьцяна Рэвяка таксама папрасіла даць ацэнку гэтага выказваньня Аляксандра Лукашэнкі, каб высьветліць, ці няма ў ім распальваньня нацыянальнай варажнечы, што зьяўляецца крымінальным злачынствам паводле заканадаўства Беларусі.
«Зыходзячы са зьместу вашага звароту, зьвестак аб парушэньні заканадаўства ў ім не зьмяшчаецца, прыведзеныя Вамі довады носяць дыскусійны характар», — такі адказ атрымала праваабаронца з подпісам намесьніка начальніка аддзела па наглядзе за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў П.П. Елісеева.
Праваабаронца кажа, што адказ падрыхтаваны непрафэсійна, у ім нават ня згадваецца тэма, якая стала нагодай для звароту. Цяпер Тацьцяна Рэвяка разам з калегамі-юрыстамі рыхтуецца да наступных крокаў, каб атрымаць ад дзяржаўных органаў прававую ацэнку словаў кіраўніка дзяржавы.
«Адказ абсалютна не па сутнасьці. Генпракуратура сьцьвярджае, што прыкметаў злачынства няма, але тут жа дадае, што гэта пытаньне дыскусійнае. Дык я прашу — падыскутуйце прафэсійна. Я для таго і зьвярнулася, каб мне далі адказ, які ёсьць вынікам дыскусіі. А яны мне пішуць — „довады дыскусійныя“. Гэта абсалютна непрафэсійны адказ», — кажа Тацьцяна Рэвяка.