viasna on patreon

Грамадскі актывіст з Хоцімска папярэдзіў дэпутата-“губернатара” пра ініцыяванне пазбаўлення яго дэпутацкіх паўнамоцтваў

2015 2015-05-14T23:57:00+0300 2015-05-15T00:43:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputatckae_kresla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з хоцімска Валерый Каранкевіч 13 траўня накіраваў зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў НС РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83, старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова.

У сваім звароце Валерый Каранкевіч, які быў супернікам Уладзіміра Краўцова на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе, у чарговы раз задае Уладзіміру Краўцову пытанне пра немагчымасць адначасовага сумяшчэння ім двух пасадаў – дэпутата Палаты прадстаўнікоў і старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Пры гэтым спадар Каранкевіч спасылаецца на тое, што прайшло ўжо чатырнаццаць месяцаў пасля таго, як Уладзімір Краўцоў ладзіў апошні асабісты прыём грамадзян у якасці дэпутата ў Хоцімскім раёне і іншых раёнах сваёй выбарчай акругі. Між тым падчас прыёма 13 сакавіка 2014 года Краўцоў асабіста запэўніваў Каранкевіча, што праца старшынёй аблвыканкама не перашкодзіць яму выконваць абавязкі дэпутата.

Па меркаванні Валерыя Каранкевіча, выбаршчыкі незадаволены існуючым станам спраў на тэрыторыі Крычаўскай выбарчай акругі №83, сітуацыя за апошнія гады тут значна пагоршылася, нягледзечы на перадвыбарчыя абяцанкі Краўцова палепшыць жыццё рэгіёна. У сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў суседняй Расіі жыхары рэгіёна пазбавіліся магчымасці зарабляць там годныя грошы, сацыяльна-эканамічны стан іх сем’яў пагоршыўся, аднак яны пазбаўлены магчымасці ўзнімаць хвалюючыя іх пытанні перад сваім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Узроўню памочнікаў дэпутата Краўцова, якія праводзяць прыём грамадзянаў, недастаткова для вырашэння важкіх пытанняў.

Валерый Каранкевіч інфармуе Уладзіміра Краўцова пра тое, што, пры абвяшчэнні даты пэзідэнцкіх выбараў, ён збіраецца не толькі прыняць удзел у зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты, але і адначасова ініцыяваць стварэнне ініцыятыўнай групы па зняцці дэпутацкіх паўнамоцтваў і адкліканні дэпутата Краўцова.

Каранкевіч піша, што, як паказала практыка, дэпутаты розных узроўняў пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у працэсе рэфармавання і дэмакратызацыі нашага грамадства, уся ўлада ўзурпавана на месцах, і без асабістага распараджэння старшыні райвыканкама ні адно пытанне не вырашаецца. У якасці прыклада Валерый Каранкевіч прыводзіць той факт, што, нягледзечы на тое, што Краўцоў даў даручэнне старшыні Хоцімскага райвыканкама вырашыць пытанне з яго працаўладкаваннем, гэта пытанне не вырашана да гэтага часу.

Таксама спадар Каранкевіч просіць дэпутата даць яму матываваны адказ у ўстаноўленыя законам тэрміны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства