viasna on patreon

Старшыня сельсавету лічыць "немэтазгодным" добраўпарадкаванне месца масавага пахавання

2015 2015-05-13T23:53:24+0300 2015-05-13T23:53:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-pahavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскіх актывістаў запрасілі на сход, які адбыўся ў лесе каля вёскі Хайсы. Тут у вялікіх ямінах ляжаць раскапаныя чалавечыя парэшткі, і ўжо паўгода актывісты патрабуюць правесці эксгумацыю, экспертызу і належным чынам перапахаваць невядомых.

Актывісты ўпэўненыя, што ў лесе пад Хайсамі ў 1930-я гады здзяйсняліся масавыя так званыя "сталінскія" расстрэлы. Гэта пацвярджаюць аповеды мясцовых старажылаў. Прадстаўнікі мясцовых уладаў гэтую версію не падтрымліваюць, прапануючы сваю – што тут расстрэльвалі вязняў бліжэйшага канцлагеру.

Аб'ектыўныя высновы могуць зрабіць толькі адмыслоўцы, але віцебскі сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў перакананы, што добраўпарадкаваць гэтую тэрыторыю неабходна ў любым выпадку, і як мага хутчэй:

"Яшчэ ў лістападзе мінулага года мы пісалі заявы ў пракуратуру, міліцыю і следчы камітэт, што ў лесе навідавоку ляжаць раскіданыя чалавечыя косткі і чарапы. Нам паведамілі, што частку парэшткаў забралі на экспертызу. Але ніякіх вынікаў яе дагэтуль няма. 28 красавіка мы знайшлі яшчэ шмат костак у адной з ям, зноў напісалі заявы ва ўсе інстанцыі. Невялікая частка костак знікла – мабыць, таксама забралі следчыя. Дарэчы, са следчага камітэта нам адказалі, што крымінальную справу заводзіць няма падстаў, але нейкая праверка ідзе... Так можа працягвацца да бясконцасці, а чалавечыя парэшткі так і ляжаць у лесе! Мы прасілі дазволу ў сельсавеце, каб вырубіць навокал сухія дрэвы, прывесці гэтае месца ў парадак. Але старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна сказаў, што ўсё гэта – "немэтазгодна".

Пра "немэтазгоднасць" мінімальнага добраўпарадкавання старшыня сельсавету сказаў падчас сходу 13 траўня. Сход быў арганізаваны ўладамі, бо калектыўны зварот да іх падпісалі 88 чалавек. Чалавечыя парэшткі разглядалі старшыня сельсавету і прадстаўнікі лясніцтва, якія заявілі, што раней тут нічога падобнага не заўважалі і што ў іх няма нейкіх планаў для працы на гэтай тэрыторыі. Калі актывісты папрасілі запісаць у пратакол, што прысутныя бачылі парэшткі на ўласныя вочы, сакратарка сельсавету Кацярына Каралёва заўпарцілася: яна заявіла, што гэта "ціск, каб дасягнуць сваіх уласных мэтаў".

Мэта ж у актывістаў адна, кажа сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў:

"Гэта сорамна, і ўвогуле грэх, калі людзі дагэтуль непахаваныя. Старшыня сельсавету прапануе пачакаць, пакуль будуць нейкія вынікі экспертызы, ён сказаў, што выклікаў сюды пошукавы батальён для эксгумацыі парэшткаў. А ўрэшце рэшт прызнаўся, што не гатовы тут нешта добраўпарадкаваць або ставіць памятныя знакі, б ў яго няма грошай".

Кардынальна іншую пазіцыю, паводле спадара Дзяржаўцава, мае айцец Міхаіл, святар бліжэйшай праваслаўнай царквы, якая месціцца ў аграгарадку Лужасна:

"Мы сустрэлі айца Міхаіла выпадкова, пачалі распытваць, ці не згадваюць людзі пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясцінах. Ен тут жа распытаў мясцовую жыхарку, патэлефанаваў знаёмым казакам, атаманам Валерыю і Ігару Сямашкам, тыя прыехалі на месца. Мы паказалі і расказалі ім усе, што ведаем самі, і святар пагадзіўся, што тут трэба паставіць хаця б часовы крыж. Некалькі крыжоў мы паставілі і самі, але айцец Міхаіл прапанаваў паставіць вялікі крыж, які быў бы відаць з шашы, прапанаваў таксама прайсці па гэтых мясцінах хросным ходам напрыканцы траўня. Мы таксама гатовыя далучыцца, у тым ліку і да працы, каб невядомыя ахвяры набылі доўгачаканы супакой".

Актывісты спадзяюцца, што ім паведамяць вынікі экспертызы парэшткаў. Але яны дзівяцца, чаму следчыя не забралі для вывучэння фрагменты абутку, таксама знойдзеныя ў магілах – на іх добра відаць пячаткі і даты выпуску – не пазней за 1938 год. Гэтая акалічнасць выклікае сумненні ў тых, хто ініцыяваў высветленне акалічнасцяў трагедыі пад вёскай Хайсы. Актывісты адзначаюць, што мясцовыя ўлады ўпарта адмаўляюць версію пра сталінскія расстрэлы, пацверджаную мясцовымі сведкамі, і непакояцца, што гістарычную праўду якім-небудзь чынам могуць прыхаваць ад нашчадкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства