Журналістка Тамара Шчапёткіна падала касацыйную скаргу
Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна падала касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд на пастанову суда Ленінскага раёна Брэста, згодна з якім яна была аштрафавана на 40 базавых велічынь. У скарзе журналістка просіць адмяніць рашэнне суда і накіраваць справу на новы разгляд.
Журналістка лічыць рашэнне суда незаконным, заангажаваным. Падчас судовага паседжання, па яе меркаванні, было парушана права на справядлівае судовае разбіральніцтва: не было дадзена належнай ацэнкі доказам, довады трох яе сведкаў не былі ўлічаны. Суддзя не прыняў прапанову прагледзець сайт “Беларускага Радыё Рацыя”, каб пераканацца ў адсутнасці інтэрв’ю за 8 студзеня з супрацоўнікам ДПС АДАІ Брэсцкага РАУС Сяргеем Неліповічам, якое Шчапёткіна нібыта ўзяла, не маючы акрэдытацыі. Пры гэтым ніякага інтэрв’ю Шчапёткіна ў Неліповіча ў той дзень не брала і на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”яго не было.
Не было таксама дадзена ацэнкі супярэчлівым паказанням самога Сяргея Неліповіча, які ў пратаколе ўказваў, што ўпершыню Шчапёткіну ўбачыў 8 студзеня, раней нідзе не сустракаў. А на судзе ён ужо сцвярджаў, што бачыў раней.
Нагадаем, Тамара Шчапёткіна 27 красавіка была пакарана судом Ленінскага раёна Брэста па арт 22.9 ч.2 КаАП - незаконны выраб прадукцыі СМІ.