Мясцовыя ўлады спрабуюць змясціць старасту вёскі з пасады, бо "не начуе дома"
Гэткі папрок давялося пачуць Ігару Грышанаву, старасту вёскі Стаўры Аршанскага раёна. 30 красавіка старшыня Бабініцкага сельскага савету Марына Мацвеева спрабавала правесці сход вяскоўцаў, каб змясціць старасту, але людзі гэтую ініцыятыву не падтрымалі.
Менавіта на сходзе ад старшыня Бабініцкага сельскага савету прагучала выснова, што Ігар Грышанаў не мае права быць старастам вёскі, бо ён «не начуе дома» Вяскоўцы толькі пасмяяліся з гэтага аргументу, бо вясковы стараста свае грамадскія абавязкі выконвае добрасумленна, з'яўляецца мясцовым жыхаром (у бацькоўскім доме прапісаны з 1999 года), мае там зямлю і гаспадарку. Больш за тое, ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у аднавяскоўцаў, бо імкнецца зрабіць жыццё ў сваім кутку лепшым: змагаецца за добрыя дарогі, за захаванне экалагічнай чысціні, а нядаўна падаў у суд на ААТ «Птушкафабрыка Аршанская», якая знесла мясцовы клуб. Праўда, аршанскі суд пазоў вясковага актывіста не задаволіў, але справа атрымалася гучнай, і розгалас трапіў у інтэрнэт.
Якраз пасля гэтага старшыня Бабініцкага сельскага савету Марына Мацвеева спрабавала арганізаваць сход па перавыбарах старасты, аргументуючы неабходнасць тым, што Ігар Грышанаў "не начуе дома". Калі вяскоўцы пачалі адкрыта смяяцца з такога падыходу, абедзьве кандыдаткі, прапанаваныя мясцовымі ўладамі ў старасты, адмовіліся ад пасады. А спадарыня Мацьвеева сабралася і з'ехала, нават не завяршыўшы ні выбарчы працэс, ні сам сход. Пасля яе ад’езду прысутныя адзінагалосна падтрымалі Ігара Грышанава, што і было зафіксавана ў пратаколе сходу.
На гэтым сходзе прысутнічалі трыццаць два чалавекі – палова вёскі. Але 5 траўня сельсавет расклеіў па вёсцы абвесткі, у якіх паведамлялася, што Ігар Грышанаў нібыта быў абраны старастам незаконна, бо пры ягоным вылучэнні нібыта была парушаная працэдура правядзення сходу.
Вось што з гэтай нагоды кажа спадар Ігар: «У мяне ёсць пратакол нашага вясковага сходу, дзе народ аднагалосна прагаласаваў за маё абранне старастам вёскі Стаўры. Працэдура правядзення сходу не парушалася, мы абралі старшыню сходу і сакратара, якая і занесла ў пратакол усе неабходныя звесткі. Пратакол падпісаны. Усё як мае быць".
Ёсць у Ігара Грышанава і яшчэ адна падстава для абурэння: у абвестках пра тое, што перавыбарчы сход нібыта быў незаконны, напісана і пра тое, што спадар Грышанаў мае кватэру ў Оршы, дзе часам і начуе. Таксама пададзены дакладны адрас.
Ігар Грышанаў лічыць гэта ўмяшаннем у асабістае жыццё, бо такія звесткі, як хатні адрас, не мусяць публічна агалошвацца. Ён прапісаны ў вёсцы, у бацькоўскім доме, а законам не забаронена мець іншую маёмасць. Таму вясковы актывіст мае намер звярнуцца ў міліцыю і пракуратуру, каб там далі ацэнку дзеянням складальнікам абвесткі і высветлілі, хто гэта быў. Затым Ігар Грышанаў збіраецца падаць заяву ў суд на тых, хто робіць замах на ягоныя гонар і годнасць.