Міліцыя скончыла праверку ў дачыненні да галоўнага рэдактара газеты “НАШ Магілёў”
Крымінальная справа па артыкулу 188 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэсублікі Беларусь (паклёп) на Ігара Барысава заведзена не будзе.
Пра заканчэнне міліцэйскай праверкі ў дачыненні да Ігара Барысава паведаміў маёр Уладзмір Казакоў падчас сустрэчы з магілёўскім журналістам Уладзімірам Лапцэвічам.
- Учора супрацоўнік міліцыі патэлефанаваў мне і сказаў, што хоча сустрэцца і прызначыў час. Прычынай для сённяшняй сустрэчы паслужыла публікацыя на сайце незалежнай газеты “НАШ Магілёў”, якая датычылася дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова. Падчас размовы міліцыянер паведаміў, што ён адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аднак распачата адміністрацыйная справа, па якой я праходжу як сведка, - кажа Уладзімір Лапцэвіч.
Маёр Уладзімір Казакоў паказаў журналісту раздрукоўкі скайп-размоў з Барысавым і запытаў, што я магу ў сувязі з гэтым патлумачыць, аднак Уладзімір Лапцэвіч пад роспіс адмовіўся ад дачы паказанняў.
Са словаў журналіста, маёр Казакоў яму паведаміў, што Барысаў адмаўляецца ад дачы паказанняў, аднак у выніку праверкі было ўстаноўлена, што менавіта ён з’яўляецца галоўным рэдактарам незалежнага выдання “НАШ Магілёў”, адпаведна ён адказны за яго працу і павінен кантраляваць, што размяшчаецца на сайце.
Нагадаем, што 12 сакавіка чацвёра супрацоўнікаў міліцыі разам з двума панятымі, маючы санкцыю намесніка пракурора Магілёва, правялі агляд кватэры, у якой пражывае Ігар Барысаў. У выніку агляду былі канфіскаваны тры кампутары, мадэм, а таксама нататнік. Адзін кампутар міліцыянеры вярнулі, аднак усё астатняе, у тым ліку і нататнік, усё яшчэ знаходзіцца ў міліцыі.
У той жа дзень супрацоўнікі міліцыі з аглядам пабывалі і ў магілёўскай філіі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, адкуль таксама канфіскавалі тры кампутары. Тэхніку яны не вярнулі дагэтуль.
Прычынай для візіту міліцыі і канфіскацыі кампутараў стала заява дэрэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова, які палічыў, што ў дачыненні да яго на сайце “НАШ Магілёў” размешчана недакладная інфармацыя. Са слоў міліцыі, у дачыненні да Пятрова таксама праходзіла праверка.