На незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну рыхтуюць новую справу?
Да актывіста кампаніі “Гавары праўду” Леаніда Дубаносава з Мікашэвічаў 30 красавіка прыйшоў участковы міліцыянер. Нагодай візіту ён назваў патрэбу паведаміць, што праблемай адсутнасці тэлефоннай лініі ў іх 10-ым мікрараёне займаецца пракуратура. Падставай для пракурорскага ўмяшальніцтва стала інфармацыя на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Л. Дубаносаў падзякаваў і сказаў, што вельмі добра, што з гэтай праблемай разбяруцца.
Пасля гэтага ўчастковы спытаў, ці ведае спадар Дубаносаў журналістку Тамару Шчапёткіну, якая працуе на гэтым радыё. Леанід сказаў, што ведае. Тады міліцыянт спытаў, ці не брала яна ў Леаніда інфармацыю пра адсутнасць тэлефоннай лініі. Актывіст сказаў, што паведамленне даслаў на “Беларускае Радыё Рацыя”, а хто займаўся ім, не ведае.
У пратаколе апытання, складзеным участковым, з-за неразборлівага почырку Леанід не змог разабраць напісанае і зрабіў допіс, што напісана нібыта правільна.
Апошняе судовае паседжанне па справе незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай прайшло 27 красавіка. Яна была прызнана вінаватай у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб друкаванай прадукцыі) і пакарана штрафам у 40 базавых велічынь.