viasna on patreon

Сёньня беларускі ўрад справаздачыцца ў Савеце па правах чалавека ААН. Глядзіце анлайн-трансляцыю!

2015 2015-05-04T09:27:22+0300 2015-05-04T14:36:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-sciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 траўня Беларусь будзе праходзіць працэдуру Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН па правах чалавека (UPR) падчас 22 сэсіі Савета па правах чалавека ААН у Жэневе. Для Беларусі гэта 2-гі раўнд UPR, у межах якога разгледзяць, ці выканала краіна адрасаваныя ёй рэкамэндацыі па выніках 1-га раўнду UPR у траўні 2010 году.

У 2010 годзе Беларусь атрымала 93 рэкамэндацыі па паляпшэньні становішча з правамі чалавека, зь якіх 55 былі прызнаныя беларускім бокам прымальнымі. Дзяржаўны даклад, накіраваны Міністэрствам Замежных Справаў Рэспублікі Беларусь у Савет па правах чалавека, утрымлівае афіцыйную пазыцыю ўраду Беларусі па выкананьні гэтых рэкамэндацыяў.

Апроч афіцыйнага дакладу ў Савет па правах чалавека былі прадстаўленыя 29 альтэрнатыўных дакладаў няўрадавых арганізацыяў і міжнародных структураў. У тым ліку кааліцыяй з 11 правааабрончых арганізацыяў Беларусі (БХК, БАЖ, Праваабарончы цэнтар “Вясна”, Офіс па правах людзей зь інваліднасьцю, Прававая Ініцыятыва ды інш.) быў падрыхтаваны супольны альтэрнатыўны даклад па шырокім спэктары пытаньняў правоў чалавека. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі накіравалі ў ААН даклад па становішчы няўрадавых арганізацыяў і свабоды асацыяцыяў. На падставе альтэрнатыўных дакладаў офісам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека быў падрыхтаваны агляд меркаваньняў зацікаўленых бакоў па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

У часе працэдуры UPR Беларусь у асобе Міхаіла Хвастова адкажа на пытаньні Савета па правах чалавека. Некаторыя пытаньні ўжо папярэдне былі агучаныя асобнымі краінамі: сярод іх ёсьць пытаньні парушэньня правоў чалавека пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і занепакоенасьць пагрозай паўтарэньня сытуацыі ў часе наступных выбараў, пытаньні скасаваньня сьмяротнага пакараньня, расьследваньня зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, свабоды слова, скасаваньня крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб'яднаньняў і іншыя.

Сачыць за справаздачай Беларусі ў Савеце па правах чалавека праз анляйн-трансьляцыю, азнаёміцца зь дзяржаўнай і альтэрнатыўнымі справаздачамі, а таксама з папярэдне агучанымі пытаньнямі шэрагу дзяржаваў можна праз старонку UPR на сайце http://www.ohchr.org/EN/HRBodies/UPR/Pages/BYSession22.aspx

Разгляд беларускага пытаньня адбудзецца 4 траўня з 10:00 да 13:30 па менскім часе.

Адразу па заканчэньні працэдуры UPR па Беларусі ў Палацы Нацыяў адбудзецца мерапрыемства “Свабода асацыяцыяў і прававыя ўмовы для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”, арганізаванае беларускімі і міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі пад эгідай сусьветнага грамадзянскага альянсу CIVICUS. У межах гэтага мерапрыемства юрысты беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Юрый Чавусаў (Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў), Валянцін Стэфановіч (Праваабарончы Цэнтар “Вясна”) і Вольга Смалянка (Цэнтар прававой трансфармацыі) дадуць ацэнку адказам Беларусі, якія прагучаць у межах UPR, а таксама распавядуць пра найбольш істотныя праблемы, зь якімі сутыкаецца цяпер грамадзянская супольнасьць краіны, і выкажуць прапановы да зьместу магчымых рэкамэндацыяў для Беларусі ў межах другога раўнду UPR.  

Асамблея НДА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства