Пенсіянераў не пусцілі да Лукашэнкі
У Мінску на плошчы Незалежнасці людзі ў цывільным не дазволілі актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры перадаць свой зварот кіраўніку дзяржавы, які ў Доме ўраду выступаў з штогадовым пасланнем да беларускага народу і Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Больш за 10 сяброў ініцыятывы з Мінска, Крупак , Бабруйску і вёскі Цёмны Лес, што на Дрыбіншчыне (Магілёўская вобласть) — людзей сталага веку, пацярпелых ад асабліва цяжкіх злачынстваў, нязгодных з пастановамі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх, каля адзінаццатай гадзіне рушылі ад Галоўпаштамту да Дому ўраду.
Пенсіянеры трымалі ў руках 41-ы за апошнія восем гадоў зварот да кіраўніка дзяржавы з меркаваннямі Камітэту па правах чалавека ААН ад 17 красавіка 2014 года, у якіх пацверджана парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў яе грамадзянаў на свабоднае выказванне сваіх думак і на мірныя сходы, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, скаргі грамадзянаў у органы суду і пракуратуры, а таксама адпіскі з гэтых дзяржаўных структураў.
У чарговым звароце да Аляксандра Лукашэнкі заяўнікі падкрэслілі, што на іх абгрунтаваныя канкрэтныя пытанні ў органы суду і пракуратуры службовыя асобы гэтых дзяржаўных установаў працягваюць даваць фармальныя адпіскі.
Пенсіянеры звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб сустрэчы з імі ці іх прадстаўніцамі — Тамарай Сяргей, Валянцінай Каваленка і Любоўю Санкевіч. На думку заяўнікаў, такая сустрэча неабходная, каб цалкам пазбавіцца ад праблемы адпісак, якія не дазваляюць людзям вырашаць іх канкрэтныя справы.
Аднак на падыходзе да Дому ўраду пенсіянеры былі затрыманыя людзьмі ў цывільным, якія не пусцілі заяўнікаў да Аляксандра Лукашэнкі. Грамадзяне свой 41-ы зварот да кіраўніка дзяржавы накіравалі поштай.
Каментуючы карэспандэнту "НЧ" сітуацыю, юрыстка Тамара Сяргей зазначыла: “У мінулым годзе Лукашэнка заўважыў, што шчыры і адкрыты грамадскі дыялог з’яўляецца самай надзейнай гарантыяй ад расколаў і смуты. Аднак, як сведчаць нашыя неаднарозовыя і безпаспяховыя спробы сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнка, на справе самай надзейнай гарантыяй ад расколаў і смуты галава дзяржавы, верагодней за ўсё, лічыць не дыялог, а сілавыя структуры, якія не дапускаюць да яго народ і забеспачваюць яму спакой”.
Раней грамадскія актывісты тройчы спрабавалі падчас выступаў Аляксандра Лукашэнкі са штогадовым пасланнем да беларускага народу і Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь перадаць свае звароты наконт праблемы адпісак. Аднак усе гэтыя спробы былі марнымі. У 2011 і 2013 гадах мелі месца затрыманні журналістаў незалежных СМІ, якія суправаджалі грамадскіх актывістаў.