viasna on patreon

Ахоўнік парадку ці "мент"?

2015 2015-04-22T15:37:57+0300 2015-04-22T15:37:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paluda_andrej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Андрэй Палуда

Праваабаронца Андрэй Палуда

Калі верыць шматлікім апытанням, менш за 40% беларусаў цалкам давяраюць міліцыі. Але ж гэтая структура, якая, здавалася б, выконвае даволі прываблівую функцыю - ахоўваць і абараняць. У чым парадокс?

“Сёння кіраўніцтву міліцыі складана змяніць свой імідж у лепшы бок. І на гэта ёсць некалькі прычын, - дзеліцца сваім меркаваннем былы супрацоўнік міліцыі, праваабаронца Андрэй Палуда. - Супрацоўнікі нашых праваахоўных органаў часта выконваюць функцыі, якія не ўласцівыя іх прафесіі. Гаворка ідзе пра палітычныя задачы. У гэтых выпадках міліцыянты не думаюць пра простых людзей, на якіх аказваецца ціск. І якія пасля пачынаюць ставіцца да крыўдзіцеляў адпаведна. Акрамя гэтага, кажучы пра стаўленне да міліцыі, мы не можа не звярнуцца да гісторыі. Сістэма, якая склалася ў савецкія часы, дае ведаць пра сябе. Часы НКВД адрознівала пагоня за паказчыкамі, калі праваахоўнікі забывалі аб чалавечых якасцях і імкнуліся толькі да патрэбных лічбаў. Нярэдкія былі выпадкі, калі супрацоўнікі структур проста прыязджалі на месца і звозілі з сабой людзей, якіх пасля больш ніхто не бачыў”.

На думку праваабаронцы, у часы СССР праваахоўныя органы ўспрымаліся як карныя. Такое стаўленне адразу не змяніць. Патрэбна праца, час і, вядома, станоўчыя прыклады.

“Тут яшчэ трэба разумець, што міліцыянты - людзі, якія не могуць быць альбо добрымі, альбо дрэннымі. Кожны чалавек валодае сваім наборам чалавечых якасцяў. Хтосьці па жыцці паводзіць сябе годна, а хтосьці выяўляецца не з самага лепшага боку”.

На прычыны негатыўнага стаўлення да міліцыі можна паглядзець і з пункту гледжання псіхалогіі. Андрэй Палуда лічыць, што нашыя бацькі ўплываюць на гэтае пытанне з самага дзяцінства.

“У нас як? Што кажуць нашы мамы і таты дзецям, якія дрэнна сябе паводзяць? Калі ты зараз не супакоішся - прыйдзе дзядзька міліцыянер і забярэ цябе ў турму! Такая пагроза спараджае страх. Падсвядома дзіця ўжо з негатывам пачынае глядзець на міліцыянтаў. Акрамя гэтага, у яго паступова фармуецца лінія паводзін, якая пазней дае аб сабе ведаць. Мы вырастаем, а падсвядомы страх застаецца. І быццам мы нічога не зрабілі, спакойна сабе ідзем па вуліцы, але варта ўбачыць міліцыянта і ўнутры з'яўляецца нейкі дыскамфорт. Мы пачынаем нервавацца. А ўжо на гэта адказвае іншы бок. Сам праваахоўнік, убачыўшы такое, пачынае думаць: "Так, нездарма нярвуецца - значыць, вінаваты!". І тут можа пачацца канфлікт”, - працягвае праваабаронца.

На адным з форумаў, дзе абмяркоўвалася стаўленне да міліцыянтаў у Швецыі, была выказана цікавая думка. Там, па запэўненні жыхаркі Стакгольма, рэакцыя на міліцыянтаў спакойная. "Калі ў чалавека не было ніякага асабістага вопыту зносінаў з прадстаўнікамі органаў, то ніякага ўнутранага страху пры сустрэчы з імі не ўзнікае. Калі ж чалавек загадзя адчувае сябе падазраваным, то ў нас гэта разглядаецца як прыкмета няспеласці. Мяркуецца, што псіхалагічна спелы чалавек упэўнены ў сваёй невінаватасці і не ўпадае ў паніку пры выглядзе паліцэйскага. Яны ж нашы абаронцы". Калі такое становішча спраў будзе адрозніваць Беларусь - вялікае пытанне.

“Змяніць сітуацыю ў кароткія тэрміны не атрымаецца. Але працаваць адназначна трэба. У першую чаргу, праваахоўнікі павінны адмовіцца ад выканання палітычных задач. І, вядома, трэба паралельна займацца з насельніцтвам, распавядаючы пра сітуацыі, калі міліцыянты паказалі сябе з лепшага боку. Усё ж такі ў структурах хапае людзей, якія робяць сваю справу па сумлення і пакліканню. Дастаткова тых, хто гатовы абараняць і ахоўваць, чым сістэматычна і займаецца”, - перакананы Андрэй Палуда.

Магілёўская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства