Віцебскі аблвыканкам адмаўляецца ад абяцання ўвекавечыць памяць Рыгора Барадуліна ў Вушачах?
З афіцыйнага сайту знікла паведамленне, размешчанае на старонцы ў ліпені мінулага году - што ў адказ на звароты грамадзян у Вушачах будзе ўвекавечана памяць Рыгора Барадуліна.
Таемнае знікненне раскрылася, калі днямі стала вядома, што ў Віцебску будзе вуліца імя Барадуліна. Паводле СМІ, гэта будзе першая вуліца, названая ў гонар Народнага паэта Беларусі. А як жа мінулагодняя ліпеньская ініцыятыва, якую выказваў Віцебскі аблвыканкам?
Старшыня абласной рады Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык згадвае: "Было паведамленне, што ў Вушачах будуць пераймяноўваць вуліцу Школьную, дзе знаходзіцца хата Барадуліна, у вуліцу ягонага імя. І што ў гонар Рыгора Барадуліна назавуць мясцовую школу. Удакладнялася нават, што настаўніцкі сход падтрымаў гэтую ініцыятыву. І мы нават накіравалі ліст-падзяку да абласных уладаў, на імя тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца – за тое, што абласным кіраўніцтвам было прынята рашэнне па ўвекавечванні памяці народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна. Аднак, як высветлілася, гэта ўсё былі пустыя абяцанні…"
Падобна, што ліст ад Віцебскай рады ГА ТБМ застаўся адзіным матэрыяльным сведчаннем таго, што абяцанні аблвыканкамам ўвогуле даваліся. Бо ад іх засталося ў літаральным сэнсе пустое месца: з афіцыйнага сайту знікла паведамленне пра тое, што ў адказ на звароты грамадзян "Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыццяўляецца праца па перайменаванні вуліцы Школьная ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна".
Журналісты, з тых, хто пра гэта абяцанне памятае, паспрабавалі высветліць, што ж здарылася. Чаму перайменаванне, якое віталі сотні і тысячы беларусаў, так і не адбылося? Па звестках kp.by, "пасля шматлікіх зваротаў у райцэнтры хацелі перайменаваць вуліцу Школьную, але перадумалі". У райвыканкаме цяпер кажуць, што імем Рыгора Барадуліна назавуць новую вуліцу. Калі-небудзь, калі яе пабудуюць.
Новую вуліцу вырашана назваць імем Рыгора Барадуліна і ў Віцебску. Да такой ступені новую, што гэтай вуліцы яшчэ ўвогуле няма. І невядома, калі яна з'явіцца, ды ці з'явіцца ўвогуле. Бо вуліца імя Барадуліна ёсць толькі ў праекце перспектыўнай катэджнай забудовы "Арэхава", на самай ускраіне Віцебска, у раёне прыватнага сектара. Пад будаўніцтва аддадзена зямля каля вёскі Арэхава, якая і дала назву забудове. Таму перспектыва мець вуліцу Барадуліна на віцебскай ускраіне ўзрадавала прыхільнікаў таленту паэта значна меней, чымсці перайменаванне сапраўднай вуліцы ў Вушачах. Але – абяцанне абласных уладаў знікла нават з інтэрнэт-прасторы. Людзі засталіся падманутымі, а "шматлікія звароты грамадзян", пра якія пісаў сайт аблвыканкаму, фактычна праігнараванымі.