viasna on patreon

Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага будуць судзіць у Нароўлі за прафесійную дзейнасць

2015 2015-04-18T11:18:44+0300 2015-04-18T11:18:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukoyski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Жукоўскі

Канстанцін Жукоўскі

17 красавіка гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі па пошце атрымаў адміністрацыйны пратакол, складзены ў дачыненні яго супрацоўнікамі Нараўлянскага РАУС. «12 сакавіка грамадзянін Жукоўскі К.І., не маючы адпаведнай акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў на вытворчасць дзейнасці журналіста, незаконна інтэрв'юіраваў жыхароў вёскі Буда-Галоўчыцкая, тым самым незаконна ўдзельнічаў ў вырабе прадукцыі СМІ, а менавіта сюжэту «Пажылыя людзі вымушаны плаціць за свае дамы ў чатыры разы больш, чым за калгасныя», які быў прадэманстраваны ў эфіры тэлеканалу «Белсат», - апісалі ў пратаколе сутнасць правапарушэння міліцыянеры. Яны лічаць, што такімі дзеяннямі журналіст парушыў артыкул 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

«Я, як журналіст-фрылансер, здымаю і асвятляю тыя праблемы, якія непасрэдна датычаць звычайных грамадзян Беларусі на побытавым узроўні. І гэтай праўды аб тым, як жывуць людзі, чыноўнікі баяцца як агню. Гэтым пратаколам улада распісваецца ў сваім бяздзеянні - што яна нічога не можа зрабіць з валам праблем, ужо не у стане, а можа толькі ад злосці кусаць тых, хто аб гэтым кажа, чым дыскрэдытуе сябе не толькі у Беларусі, але і на міжнароднай арэне,» - пракаментаваў Кастусь Жукоўскі.

Ён быў ужо пакараны за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Так, 2 красавіка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Бакуноў прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і пакараў яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь (5,4 мільёны рублёў).

У адміністрацыйнай справе былі матэрыялы аб тым, што Кастусь Жукоўскі 5 лютага 2015 года незаконна здымаў на відэакамеру супрацоўнікаў школы №12 Гомеля, а 6 лютага на сайце тэлеканалу «Белсат» з'явіўся матэрыял пра тое, як мясцовыя ўлады за смерць 3-месячнай Сняжаны пакаралі настаўнікаў і медыкаў. Нагадаем, у студзені 2015 года ў Гомелі было знойдзена муміфікаванае цела 3-месячнай дзяўчынкі. У зачыненай кватэры яно праляжала каля васьмі месяцаў. Знайшлі нежывое немаўля педагогі, якія пазней і былі «прызначаны крайнімі», разам з імі і медыкі мясцовай дзіцячай паліклінікі. Пра гэта і быў сюжэт на тэлеканале «Белсат».

На судзе фрылансер казаў, што згодна артыкулу 34 Канстытуцыі ён мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Гэтым правам ён і скарыстаўся, калі здымаў на відэакамеру супрацоўнікаў школы. Па яго словах, відэа ён выклаў на канал Youtube, і матэрыялам мог скарыстацца хто заўгодна. Ён не мог «незаконна вырабіць прадукцыю СМІ», бо не працуе ў СМІ, не з'яўляецца рэдактарам, а ў дадзеным сюжэце было пазначана аўтарства зусім іншага чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства