viasna on patreon

У Круглым “дармаедам” няма куды падзецца

2015 2015-04-16T11:01:58+0300 2015-04-16T11:01:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/darmaed.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У гарадскім пасёлку Круглае Магілёўскай вобласці днямі адбыўся семінар на тэму “Практыка працы органаў дзяржаўнага кіравання па рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі”, удзел у якім прынялі асобы, уключаныя ў рэзерв кіруючых кадраў Круглянскага райвыканкама, і прадстаўнікі абласной і раённай “вертыкалі”.

Як паведамляе круглянская раённая газета “Сельскае жыццё” (№29 ад 15 красавіка 2015 г.), перад удзельнікамі семінара выступіла і распавяла пра асноўныя тэндэнцыі на рынку працы Магілёўскай вобласці начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Вольга Хадускіна. Спадарыня Хадускіна праінфармавала прысутных пра тое, што ў выніку маніторынга па выяўленні непрацуючых грамадзян па Магілёўскай вобласці такіх было налічана каля 42 тысяч чалавек. У Круглянскім раёне гэта лічба складае парадкам 1,3 тысячы чалавек. Па словах чыноўніцы, апошнім часам назіраецца рост зваротаў грамадзян у службы занятасці, што выклікае рэзкае зніжэнне колькасці заяўленых вакансій. Банк вакансій Магілёўскай вобласці сёння ўтрымлівае ўсяго 2,5 тысячы працоўных месцаў (у сярэднім на адно працоўнае месца прэтэндуюць два і больш сушукальнікі).

Згодна сайта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ, па стане на 16 красавіка 2015 г. у Круглянскім раёне налічваецца 23 працоўныя вакансіі з 32 вольнымі месцамі. Заработная плата, якая прапануецца на гэтых працоўных месцах, складае ад 1 100 000 да 2 455 000 рублёў, і толькі на адным вольным працоўным месцы загадчыка аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў у Круглянскім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва спецыялісту з вышэйшай адукацыяй прапануюць 4 500 000 рублёў.

Згодна дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ, па стане на 1 студзеня 2015 года ў Круглянскім раёне пражывае 14 386 чалавек.

Па дадзеных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Круглянскага райвыканкама, па стане на 1 верасня 2014 года ў эканоміцы раёна было занята 6017 чалавек, афіцыйна на ўліку стаялі 18 беспрацоўных. Тады ж круглянскія чыноўнікі налічылі, што ў цэлым па Круглянскім раёне эканамічна неактыўнае насельніцтва з ліку людзей працаздольнага ўзросту складае каля 1859 чалавек. Зараз высветлілася, што з гэтай агульнай колькасці эканамічна неактыўнага насельніцтва парадку 1,3 тысячы чалавек у Круглянскім раёне падпадаюць у катэгорыю “дармаедаў”.

Вельмі цікава, куды гэтым людзям уладкавацца на працу, каб не быць гэтымі самымі дармаедамі, калі ва ўсім Круглянскім раёне ёсць толькі 32 вольныя працоўныя месцы, да таго ж з вельмі нізкімі заробкамі?

Нагадаем, што ў Круглянскім раёне за апошнія гады перасталі працаваць цэлы шэраг прадпрыемстваў - льнозавод, маслазавод, хлебзавод, райспажыўсаюз, сельгасхімія, Ракушыцкая птушкафабрыка, цагляны завод, Круглянская школа-інтэрнат, рэарганізаваны шэраг калгасаў і саўгасаў. У адзінага прадпрыемства ў райцэнтры, якое раней стабільна працавала - мясцовага будаўнічага ПМК -266, зараз узніклі вялікія праблемы з забеспячэннем неабходнай колькасці замоваў на выкананне будаўнічых работ, у сявязі з чым заробкі працаўнікоў рэзка скараціліся.

 

фота: revbel.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства