Якія захворванні вызваляюць зняволеных ад адбыцця пакарання?
Які пералік захворванняў, што даюць права на такое судовае рашэнне? Ці магчыма апратэставанне такога рашэння? Якая верагоднасць здзяйснення новага злачынства асобай, вызваленай па хваробе?
У нюансах разбіраўся эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы, юрыст Павел Сапелка.
У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 92 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, асоба, якая пакутуе ад іншага цяжкога (акрамя псіхічнага) захворвання, што перашкаджае адбыванню пакарання, можа быць судом вызвалена ад адбыцця пакарання ці гэта пакаранне можа быць заменена на больш мяккае. Пры гэтым улічваюцца цяжар здзейсненага злачынства, асоба асуджанага, характар захворвання і іншыя акалічнасці. Для таго, каб правільна разумець і ацэньваць сэнс такой нормы, неабходна азнаёміцца з пералікам захворванняў, якія даюць права на такога роду судовае рашэнне.
Пералік захворванняў, якія перашкаджаюць адбыццю пакарання, указаны ў дадатку да пастановы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16.02.2011 № 54/15"Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку медыцынскага агляду асуджаных і ўстанаўленні пераліку захворванняў, якія перашкаджаюць далейшаму адбыванню пакарання". Да іх адносяцца, у прыватнасці, цяжкія, спалучаныя або прагрэсуючыя формы туберкулёзу; усе злаякасныя ўтварэнні IV клінічнай групы; востры лейкоз; сістэмныя атрафіі і запаленчыя захворванні цэнтральнай нервовай сістэмы; вострая і хранічная прамянёвая хвароба IV ступені і яшчэ некалькі дзясяткаў захворванняў цяжкага альбо прагрэсуючага, невылечнага характару.
Зацверджаная той жа пастановай Інструкцыя аб парадку медыцынскага агляду асуджаных вызначае дэталі нанакіравання на агляд і агляду асуджаных на прадмет наяўнасці цяжкога захворвання. Як замацавана Інструкцыяй, рашэнне аб наяўнасці ў асуджаных захворванняў, прадугледжаных пералікам, прымаецца медыцынскай камісіяй пасля пільнага абследавання асуджаных у стацыянарных умовах у медыцынскіх падраздзяленнях устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы або ў стацыянарных умовах у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя з улікам вынікаў раней праведзенага лячэння і ўстаноўленага дыягназу. Устаноўлены дыягназ павінен быць пацверджаны заключэннем кваліфікаванага лекара-спецыяліста дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя або супрацоўнікаў кафедраў дзяржаўных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай медыцынскай адукацыі і (або) павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку медыцынскіх кадраў. Гэта азначае, што амаль неверагодны выпадак, пры якім зняволены зможа сімуляваць захворванне, якое дазволіць яму пазбегнуць адбыцця пакарання.
Па выніках медыцынскага агляду асуджаных робіцца заключэнне устаноўленай формы, дзе робіцца выснова аб тым, што асуджаны мае захворванні, якія перашкаджаюць далейшаму адбыванню пакарання.
Аднак гэта толькі першы крок да выхаду на волю. Крымінальны кодэкс толькі дае суду права прыняць рашэнне аб вызваленні такога асуджанага, не накладаючы на яго такі абавязкі. Падставамі для адмовы ў вызваленні могуць стаць цяжар здзейсненага злачынства, асоба асуджанага, характар захворвання і іншыя акалічнасці. З указаннем на гэтыя ж абставіны пастанова суда аб вызваленні асуджанага можа быць апратэставаныя пракурорам або старшынёй вышэйстаячага суда.
Такое палажэнне закона ўяўляецца вельмі спрэчным з пункту гледжання права і справядлівасці.
Вызваленне ад пакарання ў такіх выпадках, з аднаго боку, з'яўляецца актам міласэрнасці, які адпаведае замацаваным арт.6 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прынцыпам гуманізму крымінальна-выканаўчага заканадаўства, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакарання.
З іншага боку, вызваленне ў сувязі з цяжкай хваробай аб'ектыўна абгрунтаванае тым, што такія зняволеныя не ў стане выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, выконваць рэжым пакарання ў выглядзе пазбаўлення волi або арышту. У такім выпадку пакаранне будзе прычыняць вязню дадатковыя пакуты, не абумоўленыя самім фактам пазбаўлення волі, а гэта ўжо парушае замацаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі Беларусі грамадзянскія правы зняволеных.
Да такіх зняволеных нельга ўжываць некаторыя меры дысцыплінарнай адказнасці.
З пункту гледжання рэалізацыі прынцыпаў дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакарання бясспрэчна, што адно і тое ж пакаранне значна цяжэй адбыць хвораму чалавеку, чым здароваму, тады як пры прызначэнні пакарання такі стан здароўя судом не прадугледжваўся.
Неабходна заўважыць, што зняволеныя ў выпадку цяжкой хваробы вызваляюцца менавіта ад адбыцця пакарання, не ад крымінальнай адказнасці. Асобаўжо публічна асуджаная і названая злачынцам; абвінаваўчы прысуд цягне наступствы - судзімасць.
Верагоднасць здзяйснення вызваленай асобай з цяжкім захворваннем новага злачынства нязначная. Паводле праведзеных у Расіі ў 1999 годзе даследаванняў, у месцах пазбаўлення волі з агульнай колькасці 78000 чалавек апынуліся 22 чалавекі, раней вызваленыя па хваробе.
Пералічаныя ў законе крытэрыі, якія ўлічваюцца пры вырашэнні пытання аб вызваленні ад пакарання, празмерна нявызначаныя, што неабгрунтавана пашырае межы меркавання суда пры прыняцці рашэння. Уяўляюцца аб'ектыўна абгрунтаванымі толькі наступныя абмежаванні магчымасці вызвалення ад пакарання па хваробе: гэта выпадкі, калі асуджаныя наўмысна выклікалі або пагоршылі у сябе цяжкія хваробы, ухіляліся ад эфектыўнага лячэння ў перыяд адбыцця пакарання.
Пастановы суда па пытанні вызвалення ад пакарання па захворванні, перагляду ў касацыйным парадку не падлягаюць; яны могуць быць абскарджаныя ў наглядным парадку, які не з'яўляецца эфектыўным сродкам абароны парушаных правоў. У сукупнасці з практычным парушэннем права на справядлівы суд, калі зняволеныя пазбаўленыя многіх стандартных для дэмакратычнага грамадства правоў і магчымасцяў.
Так, практычна не забяспечваецца права зняволеных на атрыманне юрыдычнай дапамогі, права збіраць і прадстаўляць суду доказы сваёй пазіцыі па справе. Таму пазіцыя адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі, а таксама органаў унутраных спраў, якія фармуюць у суда перакананне ў залежнасці ад уласных інтарэсаў, становіцца вызначальным фактарам.
Апошняя акалічнасць не дазваляе паўнавартасна параўнаць заканадаўства розных краінаў у гэтай галіне: падобныя па фармулёўках палажэнні закона пры разглядзе ў адпаведнасці са стандартамі справядлівага суда могуць прыводзіць да іншых вынікаў.
Ёсць яшчэ статыстычныя звесткі з расійскага суда (беларускіх статыстычных дадзеных па гэтым пытанні ў агульным доступе не знайшлося), якія даюць добрае ўяўленне пра сутнасць праблемы: у Валгаградскай вобласці, не дачакаўшыся разгляду справы, за год памерлі 19 зняволеных з 143 тых, хто звярнуўся ў суды з хадайніцтвам аб вызваленні ад пакарання па разглядаемай падставе.