viasna on patreon

Гомель: Кастуся Жукоўскага суд пакараў за «незаконны выраб СМІ» штрафам у памеры 30 базавых велічынь

2015 2015-04-02T21:38:32+0300 2015-04-02T21:38:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukoyski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Жукоўскі

Канстанцін Жукоўскі

Суддзя суду Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Бакуноў 2 красавіка разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Суддзя прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) і пакараў яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь (5,4 мільёны рублёў).

У адміністрацыйнай справе былі матэрыялы аб тым, што Кастусь Жукоўскі 5 лютага 2015 года незаконна здымаў на відэакамеру супрацоўнікаў школы №12 Гомеля, а 6 лютага на сайце тэлеканалу «Белсат» з'явіўся матэрыял пра тое, як мясцовыя ўлады за смерць 3-месячнай Сняжаны пакаралі настаўнікаў і медыкаў. Нагадаем, у студзені 2015 года ў Гомелі было знойдзена муміфікаванае цела 3-месячнай дзяўчынкі. У зачыненай кватэры яно праляжала каля васьмі месяцаў. Знайшлі нежывое немаўля педагогі, якія пазней і былі «прызначаны крайнімі», разам з імі і медыкі мясцовай дзіцячай паліклінікі. Пра гэта і быў сюжэт на тэлеканале «Белсат».

У суд былі выкліканы сведкі – супрацоўнікі школы №12, якіх здымаў на камеру Кастусь Жукоўскі. Яны пацвердзілі, што сапраўды ён праводзіў здымкі, але выказаліся, што прэтэнзій з-за гэтага да журналіста не маюць, і ніякай шкоды сваімі здымкамі ён ім не прычыніў.

Журналіст патрабаваў весці працэс на беларускай мове, бо гэта – канстытуцыйнае права. Суддзя, калі азнаямляў журналіста з яго правамі на судзе, таксама зачытаў права даваць паказанні ў судзе на роднай мове ці карыстацца перакладчыкам. І разам з гэтым суддзя адхіліў хадайніцтва аб тым, каб працэс праходзіў на беларускай мове, абгрунтаваў жа гэта тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Кастусь Жукоўскі нагадаў пра закон аб мовах і закон аб дзяржаўнай службе, згодна якому службовыя асобы абавязаны валодаць як беларускай, так і рускай мовай, але плёну гэта не прынесла.

На судзе фрылансер сцвярджаў, што згодна артыкулу 34 Канстытуцыі ён мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Гэтым правам ён і скарыстаўся, калі здымаў на відэакамеру супрацоўнікаў школы. Па яго словах, відэа ён выклаў на канал Youtube, і матэрыялам мог скарыстацца хто заўгодна. Ён не мог «незаконна вырабіць прадукцыю СМІ», бо не працуе ў СМІ, не з'яўляецца рэдактарам, а ў дадзеным сюжэце было пазначана аўтарства зусім іншага чалавека.

Кастусь Жукоўскі лічыць, што такія дзеянні міліцыі і суду – зачыстка медыйнага поля перад выбарамі, а таксама спроба мясцовых чыноўнікаў і прадстаўнікоў улады дыскрэдытаваць Рэспубліку Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці. «Прэзідэнт зараз намагаецца наладзіць стасункі з Захадам, а чыноўнікі на месцах парушаюць правы чалавека і дыскрэдытуюць нашу дзяржаву», - адзначыў фрылансер.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства