МЗС: “Скаргі зняволеных старанна разглядаюцца”. Толькі вынік – нулявы
Апублікаваны падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны даклад да ўніверсальнага перыядычнага агляду (другі цыкл)
Сцвярджэнне аўтараў дакладу адносна магчымасці для зняволеных у Беларусі абскардзіць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў месцаў пазбаўлення волі заслугоўвае таго, каб цытаваць цалкам, паколькі прыведзеная статыстыка гаворыць аб эфектыўнасці гэтага інстытута лепш любой аналітыкі. На думку дзяржавы, «Усе заявы і скаргі датычна неправамерных дзеянняў, учыненых у дачыненні да грамадзян старанна разглядаюцца і расследуюцца. У выпадку выяўлення парушэнняў вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Так, у 2014 годзе Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь зарэгістравана і разгледжана 96 зваротаў грамадзян на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, лячэбна-працоўных прафілакторыяў МУС. Органамі пракуратуры ў 2011 - 2014 гадах разгледжана 158 скаргаў на меры ўздзеяння ў дачыненні да асуджаных, а таксама асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай (67 у 2011 годзе, 35 - 2012, 37 - 2013, 19 - 2014). Скаргі не задаволеныя. Судамі ў 2012 - 2014 гадах разгледжана 15 спраў па скаргах асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мер спагнання і па скаргах адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў. Скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі».
ПЦ "Вясна" ў Справаздачы па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь надаваў увагу праблеме абскарджання дзеянняў і рашэнняў, якія закранаюць правы зняволеных. Як правіла, зняволеныя абскарджваюць дзеянні адміністрацыі ў Дэпартамент выканання пакаранняў і яго ўпраўленніў абласцях і ў пракуратуру. Колькасць такіх скаргаў - 96 за год, якія паступілі ад больш за 30 тысяч зняволеных у ДВП і 19 - у пракуратуру, выклікае сумнеў. Хоць, на самой справе, іх колькасць, улічаная ў справаздачы МЗС, не так важна. Важны вынік: ні адна са скаргаўне прызнаная абгрунтаванай.
З вялікім даверам можна паставіцца да статыстыкі зваротаў у суд. Працэдура звароту такая, што звычайны вязень пра яе дрэнна ведае, ёю скарыстацца практычна не можа: скарга падаецца і разглядаецца па правілах грамадзянскага судаводства, якія прадугледжваюць захаванне рознага роду патрабаванняў да формы звароту і ўдзелу ў працэсе. Юрыдычная дапамога вязню бюджэтам ня авансуецца; за падачу скаргі ўсталяваная дзяржаўная пошліна ў такім памеры, які з'яўляецца высокім для зняволенага. Магчымасць вызвалення ад выплаты дзяржпошліны прадугледжана толькі фармальна. Ну, а вынік звароту ў суд, уласна, той жа: скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі.
Універсальны перыядычны агляд (УПА) - механізм Савета ААН па правах чалавека, агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету. Беларусь прайшла першы цыкл УПА ў Радзе ААН па правах чалавека ў 2010 годзе. З дзевяноста трох выказаных у працэсе УПА рэкамендацый Беларусь прыняла семдзесят чатыры; у 2012 годзе Беларусь прадставіла ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека прамежкавую справаздачу аб рэалізацыі рэкамендацый першага цыкла УПА. Гэтая справаздача падвяргалася аналізу ў рамках правядзення маніторынгу становішча зняволеных. У верасні 2014 беларускія праваабаронцы накіравалі ў Савет свае матэрыялы для працэдуры УПА.