Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна пакарана штрафам у 40 базавых велічынь
Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна толькі 11 сакавіка падчас знаёмства са сваёй адміністрацыйнай справай у судзе Ленінскага раёна Брэста даведалася, што яна аштрафавана на 40 базавых велічынь. 6 сакавіка суд адбыўся без удзелу як самой незалежнай журналістыкі, так, як высветлілася, і без адзінага сведкі -- капітана ДАІ Брэсцкага РАУС Сяргея Неліповіча, які знаходзіцца ў адпачынку.
Суддзі Аляксандру Семянчуку для прыняцця рашэння хапіла пратакола апытання Сяргея Неліповіча і копіі пратакола ўчастковага Бярозаўскага РАУС Сяргея Несцяровіча ад 23 лютага.
Сяргей Неліповіч напісаў, што да яго 8 студзеня падыйшла грамадзянка, прадставілася журналістам “Радыё Рацыя” і ўзяла інтэрв’ю. Раней ён гэтую грамадзянку не ведаў і не бачыў.
Тамара Шчапёткіна звярнула ўвагу, што ў справе прысутнічае копія пратакола дзе ёсць яе допіс, што яна 8 студзеня не падыходзіла да Неліповіча і не брала інтэрв’ю. Падчас складання пратаколу Шчапёткіна сапраўды спачатку зрабіла гэты допіс, але, перадумаўшы, папрасіла ўчастковага Несцяровіча знішчыць яго і скласці іншы, дзе яна кажа, што адмаўляецца адказваць на пытанні. Сяргей Несцяровіч пры ёй змяў пратакол і кінуў у вядро са смеццем. Быў напісаны новы пратакол без допісу і пададзены ў суд Ленінскага раёна. Пазней, як аказалася, участковы не пагрэбаваў дастаць з вядра змяты пратакол, адпрасаваць яго і зрабіць копію.