Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2015 года
Стабільная кепская сітуацыя з правамі чалавека захоўвалася ў студзені. Працягвалася практыка адвольных затрыманняў грамадска-палітычных актывістаў пры публічным выказванні меркаванняў. Суды ў падобных справах прымалі палітычна-матываваныя рашэнні аб прыцягненні іх да адказнасці. Адсутнасць незалежнасці судоў прадэманстраваў выпадак з удзельнікамі акцыі салідарнасці з французскімі журналістамі, забітымі падчас нападу радыкальных ісламістаў на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo, праведзенай каля амбасады Францыі. Пасля таго, як на прэс-канферэнцыі А. Лукашэнка даў распараджэнне разабрацца ў сітуацыі кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, судовы разгляд адміністрацыйных спраў не адбыўся, хаця суды былі ўжо прызначаны.
Працягваўся пераслед незалежных журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, сродкі масавай інфармацыі адчувалі моцны ціск з боку Міністэрства інфармацыі, суды ў спрэчках мас-медыя з міністэрствам займалі выключна бок выканаўчай улады.
Суд не задаволіў скаргу праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне аб высылцы яе з Беларусі тэрмінам на тры гады. Праваабаронца скарысталася апошняй магчымасцю змяніць рашэнне Першмайскага РУУС Мінска, падаўшы касацыйную скаргу, рашэнне па якой павінна быць прынята ў лютым.
Заставалася нявырашанай самая вострая праблема – наяўнасць палітвязняў. Іх становішча ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі ў студзені пагаршалася. Скончыўся тэрмін папярэдняга следства па новай крымінальнай справе, узбуджанай супраць палітвязня Мікалая Дзядка па абвінавачанні ў непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Мікалай Дзядок, тэрмін зняволення якога мусіў скончыцца 3 сакавіка, пастаўлены пад пагрозу працягнення тэрміну зняволення да яшчэ аднаго года. Адразу ж пасля пераводу ў Шклоўскую калонію на палітвязня Мікалая Статкевіча былі складзены два рапарты за парушэнне правіл унутранага распарадку, у выніку чаго ён быў пазбаўлены доўгатэрміновага спаткання з роднымі.
Адначасова назіралася пацяпленне адносінаў Еўрапейскага Саюза з беларускімі ўладамі, нягледзячы на тое, што ЕС публічна не адмаўляўся ад вылучанай раней перадумовы наладжвання супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам – вызваленне палітычных зняволеных. 23 студзеня дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэговічс, які знаходзіўся з афіцыйным візітам у Мінску, заявіў, што ЕС плануе перагледзець санкцыі ў дачыненні да Беларусі на працягу першага паўгоддзя 2015 года. «На працягу 2014 мы санкцыі практычна не папоўнілі. Ідзе паступова працэс перагляду санкцый, - сказаў ён. - Мы адзначылі тое, што некаторыя палітычныя зняволеныя былі выпушчаныя ў мінулым годзе. Спадар Бяляцкі ў гэтым сэнсе - найбольш вядомая фігура». Што датычыць астатніх палітзняволеных, то Андрэйс Пілдэговічс адзначыў: “Калі будзе нейкі рух у гэтым сэнсе, вядома, мы гэта будзем вітаць”. Пры гэтым дыпламат упершыню агучыў, адносна якой колькасці палітзняволеных ЕС вядзе перамовы з беларускімі ўладамі. Высветлілася, што толькі адносна Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча. Дадзеная пазіцыя не супадае з меркаваннем беларускім праваабаронцаў, якія лічаць палітвязнямі шэсць асоб: Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.
У сваю чаргу кіраўнік беларускай дзяржавы прызнаваў, што знаёмы з настроямі на Захадзе адносна палітвязняў. «Яны прама кажуць - палітвязень. Я кажу - у нас няма палітвязняў, таму што ў нас няма палітычнай артыкула ў Крымінальным кодэксе. Хочаце вы іх называць палітвязнямі - добра. Гэта ўжо звыкла. Гэтаму асаблівай увагі па змесце не надаецца. Нават я часам так кажу. Але я ніколі іх не лічыў палітвязнямі», - адзначыў прэзідэнт на прэс-канферэнцыі 29 студзеня. Ён выказаў упэўненасць: калі нават вырашыцца пытанне з палітвязнямі, «заходнікі прыдумаюць іншае пытанне». «І будуць мачаліліся мяне, а можа быць, і ўсіх маіх прыхільнікаў, да прэзідэнцкіх выбараў. А потым паглядзяць. Справа тут не ў тым, каб нармалізаваць адносіны з-за некаторых сядзельцаў з Захадам. Захад глядзіць значна далей. Ва Украіне гінуць тысячы, і якія паводзіны Захаду? Таму я ведаю Захад», - запэўніў Лукашэнка.
Такім чынам, склалася сітуацыя, што міжнародны фактар, які разглядаецца як найбольш моцны ў справе ўплыву на лёс палітвязняў, пачаў губляць сваю сілу. І гэта звязана як з напружанай геапалітычнай сітуацыяй у рэгіёне і новай роляй А. Лукашэнкі як пасрэдніка ў перамовах па ўкраінскіх праблемах, так і з непаслядоўнай пазіцыяй Еўрапейскага Саюза.
Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў
9 студзеня палітвязень Юрый Рубцоў паведаміў, што адміністрацыя спецкамендатуры №7, дзе ён адбывае пакаранне, спрабуе настроіць асуджаных супраць яго. Па словах Рубцова, з гэтай мэтай узмацніўся ціск на іншых зняволеных. Так, больш пільна сталі праводзіць асабісты дагляд, часцей закрываць у “ленінскіх пакоях” [памяшканне для правядзення агульных мерапрыемстваў, дзе звычайна змяшчаюцца сталы, паліцы для кніг, тэлівізар – рэд.]. Таксама Юрый распавёў, што яму была прапанавана праца кіроўцы ў Пружанах, але заробак насколькі маленькі, што ён на яе не пагадзіўся. Як раней заяўляў Рубцоў, ён хоча атрымоўваць заробак не меншы, чым сярэдні па краіне – 600 даляраў. Гэты факт кіраўнік спецкамендатуры аформіў як адмову ад працы ўвогуле, аднак, як сцвярждае асужданы, ён адмовіўся толькі ад гэтай канкрэтнай прапановы. 22 студзеня Юрый Рубцоў абвесціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем прадастаўлення працы з сярэднім заробкам, а таксама прадастаўленнем штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазіцыі. 24 студзеня адпаведная заява аб галадоўцы была пададзена адміністрацыі спецкамендатуры, аднак яна ніякім чынам не адрэагавала і не зафіксавала яе. 29 студзеня разбірацца з патрабаваннямі Юрыя Рубцова прыехаў памочнік пракурора Пружанскага раёна А. Хвалько, які лічыў, што палітвязень пачаў галадоўку з-за ціску адміністрацыі камендатуры.
12 стдзеня палітзняволены Мікалай Статкевіч быў этапаваны з магілёўскай турмы №4 у калонію №17 у горадзе Шклове. Жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла, што пасля двух дзён знаходжання Мікалая Статкевіча ў калоніі на яго былі складзеныя два рапарты: першы за “нестатутныя” штаны, выдадзеныя ў магілёўскай турме; другі - за парушэнне распарадку дня – нібыта за 15 хвілін да адбою яго не было на спальным месцы. 23 студзеня Марына Адамовіч паведаміла, што Мікалаю Статкевічу забаранілі доўгатэрміновае спатканне са сваякамі ў сувязі са складаннем рапартаў аб парушэнні правіл унутранага распарадку. 26 студзеня ў дісце да сваёй жонкі Мікалай Статкевіч паведаміў, што рэжым адбыцця пакарання ў яго не зменены. Ён напісаў, што 16 студзеня яго выклікалі на камісію замены рэжыму. «Гэта праводзіцца без усялякіх заяў ад арыштантаў — калі тэрмін прыйдзе, — піша Статкевіч. — Вынік чаканы, але здзівіла фармулёўка. Я «не стаў на шлях выпраўлення», таму што «не ўдзельнічаў у працы самадзейных арганізацый» і «ўхіляўся ад грамадскай працы». Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 29 студзеня ў адказ на пытанне пра лёс палітвязняў кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не лічыць Мікалая Статкевіча сваім палітычным канкурэнтам, але пры пэўных умовах гатовы разгледзець пытанне аб яго вызваленні з калоніі. Паводле яго слоў, не варта думаць, што ён утрымлівае Статкевіча, каб пасля выбараў выпусціць. Галоўнае, як адзначыў Лукашэнка, пры вырашэнні гэтага пытання - «нават не пытанне напісання просьбы аб памілаванні». «Не гэта галоўнае, хоць па законе гэта так», - сказаў кіраўнік дзяржавы. Галоўнае, па словах прэзідэнта, як паставяцца да яго рашэння людзі, якія адбываюць пакаранне разам са Статкевічам, якія таксама знайшлі б матывацыю для вызвалення. Дзеля вызвалення Статкевіча Лукашэнка прапанаваў журналісту сабраць подпісы зняволеных у калоніі, дзе ўтрымліваецца экс-кандыдат у прэзідэнты. «Потым я праверу, наколькі гэта было шчыра, без подкупу. Адпусцяць яго калегі, дзе вы жывяце, дайце адрас - прывязуць вам яго. Я ўжо пайду на здзелку з сумленнем », - паабяцаў Лукашэнка.
14 студзеня маці палітвязня Мікалая Дзядка Валянціна Мікалаеўна звярнулася з адкрытым лістом у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у якім выказала сур’ёзную занепакоенасць лёсам свайго зняволенага сына, ціск на якога ў турме ў апошні час значна ўзмацніўся. Валянціна Мікалаеўна просіць адказных асобаў МУС паведаміць аб тым, хто і па якой прычыне арганізуе пераводы па турмах і калоніях сына, а таксама пра тое, хто завёў на яго новую крымінальную справу нібыта за парушэнні ўстаноўленай формы адзення (арт.411 Крымінальнага кодэксу – злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Дзень да гэтага скончыўся тэрмін папярэдняга следства па справе. З матэрыяламі справы азнаёміліся Мікалай Дзядок і яго адвакат. Патрэбна адзначыць, што абвінавачванне грунтуецца толькі на паказаннях супрацоўнікаў калоніі, сведчанні іншых зняволеных ігнаруюцца. Маці таксама паведамляе ў МУС, што за непрацяглы тэрмін Мікалая Дзядка чатыры разы пераводзілі з камеры ў камеру з-за канфліктаў і правакацый. У выніку сам палітвязень звярнуўся да адміністрацыі турмы з заявай аб пераводзе ў адзіночную камеру. Чатыры гады, праведзеныя ў следчых ізалятарах, калоніях і турмах не прайшлі бясследна. У Мікалая Дзядка значна пагоршылася здароўе.
Смяротнае пакаранне
У студзені маці пакаранага смерцю жыхара Гомеля Аляксандра Грунова – Вольга Грунова атрымала першыя адказы на запыты аб неабходнасці змены заканадаўства, якое забараняе сваякам пахаваць целы пакараных смерцю. З ліста старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ліліі Мароз стала вядома, што супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства Канстытуцыі і Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах яна не бачыць.
Намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валер Калінковіч адказаў на зварот жанчыны адным сказам “Для ўнясення ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці паднятага пытання Вярхоўны Суд не бачыць падстаў”.
У адказе старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўству Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людмілы Міхальковай азначалася, што адмова ў выдачы цела для пахавання і непаведамленне аб месцы пахавання не могуць расцэньвацца як крымінальна-прававая санкцыя, якая прызначаецца па выраку суда. Нявыдача цела можа разглядацца як асобнае адміністрацыйна-прававое правапрымяняльнае рашэнне. У такіх выпадках адмова выступае як мера адміністрацыйнага характару, якая мае прэвентыўныя мэты і ў той жа час з'яўляецца пэўным абмежаваннем правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. І ў той жа час дэпутат тлумачыць: пры выкананні смяротнага прысуду гэта працэдура павінна здзяйсняцца такім чынам, каб нанесці як мага меней пакутаў: «Відавочна, што тут маюцца на ўвазе пакуты не толькі самога асуджанага, але і іншых людзей».
Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі
У студзені праваабаронца Алена Танкачова, кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend” спрабавала ў судовым парадку аспрэчыць рашэнне РУУС Першамайскага раёна Мінска ад 5 лістапада 2014 года аб высылцы з Беларусі і забароне на ўезд у краіну на тры гады. Судовы разгляд працягваўся тры дні, і ў выніку 13 студзеня суддзя суда Першамайскага раёна Наталля Петух прыняла рашэнне адмовіць праваабаронцы ў задавальненні скаргі. Падставамі для рашэння пра высылку праваабаронцы сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі. 22 студзеня Алена Танкачова падала касацыйную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах суда горада Мінска на рашэнне аб яе высылцы з краіны. Яе тэрмін знаходжання ў Беларусі быў працягнуты да 21 лютага.
Аднавілася практыка ўзмоцненай праверкі праваабаронцаў на мяжы. Уначы 16 студзеня аўтамабіль гродзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава прыцягнуў павышаную ўвагу работнікаў памежных і мытных служб памежнага пераходу “Брузгі”. Віктар Сазонаў яшчэ з двума грамадска-палітычнымі актывістамі Гродна вяртаўся ў Беларусь з Польшчы. Яго машыну загналі ў ангар і ўчынілі праверку, скрупулёзна і па некалькі разоў правяралі асабістыя рэчы. Аўтамабіль быў пастаўлены на штраф-стаянку, а ключы ад яго і пашпарты пасажыраў забралі службоўцы. Пасля тэлефонных кансультацый мытнікі загналі аўтамабіль на рэнтгенаўскі дагляд. І толькі пасля яго актывістам далі на подпіс адмыслова складзеныя паперы і дазволілі паехаць дадому. Агляд працягваўся больш за чатыры гадзіны.
Пад ціскам працягвалі знаходзіцца праваабарончыя арганізацыі. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму вынесла папярэджанне Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру (МПЦ) за адсутнасць юрыдычнага адрасу. Яшчэ ў верасні мінулага года галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама накіравала ў абласны суд пазоў з просьбай прыпыніць на тры месяцы дзейнасць МПЦ з той жа нагоды. Але ўжо 1 кастрычніка кіраўніцтва МПЦ заявіла аб заключэнні дамовы на атрыманне новага юрыдычнага адрасу, таму 4 лістапада Магілёўскі абласны суд вырашыў спыніць справу, паколькі знікла падстава для пазову. Аднак у хуткім часе пасля прадастаўлення юрыдычнага адрасу магілёўскім праваабаронцам, арэндадаўца разарваў з імі дагаворныя адносіны. МПЦ зноў апынуўся без юрыдычнага адрасу. Адзіная ў краіне зарэгістраваная рэгіянальная праваабарончая арганізацыя ізноў апынулася на мяжы закрыцця.
Адміністрацыйны пераслед па палітычных матывах, адвольныя затрыманні
У студзені не спыняўся адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў за выказванне меркаванняў па актуальных праблемах шляхам правядзення публічных мерапрыемстваў. Дадзеныя дзеянні традыцыйна трактаваліся як несанкцыянаваныя сходы, а іх удзельнікі падвяргаліся штрафам і арыштам. Працягвалася і практыка адвольных затрыманняў, ад якіх у студзені найбольш пацярпелі актывісты анархісцкага руху. Суды не давалі належнай прававой ацэнкі дзеянням сілавых структур, выконваючы палітычную замову.
Абмеркаванне праблемы пераследу грамадзян за публічныя выказванні сваёй пазіцыі ў студзені выйшла на самы высокі ўзровень. 29 студзеня журналістка Бі-Бі-Сі Таццяна Мельнічук на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі задала кіраўніку дзяржавы пытанне адносна іміджу іміджу ўлады, прывёўшы ў прыклад арышты грамадскіх актывістаў каля помніка Тарасу Шаўчэнку пасля ўшанавання памяці ахвяраў кіеўскага Майдану, а таксама пераслед людзей, якія выйшлі да французкай амбасады з шыльдамі «Я — Шарлі» ў знак салідарнасці з французскімі журналістамі, забітымі падчас нападу радыкальных ісламістаў на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo. «Калі ўлада пачынае мітусіцца і гэта рабіць, гэта ідыёты. Яны проста дзейнічаюць на шкоду гэтай уладзе», — заявіў Лукашэнка і даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Косінцу разабрацца з сітуацыяй, бо не палічыў выхад чатырох чалавек на акцыю «праблемай».
Нягледзячы на тое, што ўжо на наступны дзень, 30 студзеня, мінская міліцыя праз агенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла аператыўна падрыхтаваны «адказ», тлумачачы законнасць сваіх дзеянняў, стала відавочна, што рашэнні прымаюцца выключна ў палітычнай плоскасці. Справа ўдзельнікаў акцыі салідарнасці каля амбасады Францыі (Анатоля Лябедзькі, Дзмітрыя Кучука і Паўлюка Канавальчыка) так і не была разгледжана, хаця ўжо было прызначана судовае разбіральніцтва. 2 лютага на сайце Вярхоўнага суда з’явілася паведамленне: «Паводле інфармацыі, прадстаўленай Мінскім гарадскім судом, паведамляем, што матэрыялы адміністрацыйных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 11 студзеня каля амбасады Францыі, накіраваны ў РУУС для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Судовае пасяджэнне, раней прызначанае на 4 лютага 2015 года судом Цэнтральнага раёна, не адбудзецца».
Адначасова рашэнні па справах затрыманых каля помніка Шаўчэнку так і не былі адменены, усе адміністрацыйна арыштаваныя цалкам адбылі вызначаны суддзёй Вікторыяй Шабуняй тэрміны адміністрацыйнага арышту: Максім Вінярскі – 15 сутак, Алесь Макаеў – 15 сутак, Мікалай Колас – 10 сутак, Яўген Батура – 10 сутак, Вольга Мікалайчык -- 5 сутак. Быў спачатку адменены, але пасля паўторнага разгляду вернуты штраф Ніне Багінскай у памеры 20 базавых велічынь. Гэта звязана найперш з тым, што ўлады палічылі салідарнасць з украінскімі ўдзельнікамі Майдана небяспечнай з пункту гледжання актывізацыі грамадзян да пратэстаў. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксанд Косінец: “У нас ніякіх майданаў не будзе і ніякіх сходаў на плошчах таксама не будзе. Мы зробім усё, каб быў мір і парадак».
Працягваўся пераслед актывістаў, якія прыцягвалі ўвагу грамадскасці да вострых праблем. Так, брэсцкі актывіст Андрэй Шарэнда быў затрыманы 16 студзеня супрацоўнікамі АМАП у тралейбусе. У РУУС Маскоўскага раёга Брэста на яго былі складзены пратаколы па арт. атр. 17.1 КААП (дробнае хуліганства) і 21.14 (парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Другое правапарушэнне заключалася ў тым, што Андрэй Шарэнда нібыта расклейваў улёткі з партрэтамі зніклых у Беларусі палітыкаў і вядомых людзей. З міліцэйскага пастарунку Шарэнду адвезлі ў суд Маскоўскага раёна, аднак, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, суддзя накіравала іх на дапрацоўку, а самога актывіста адпусцілі дадому. 23 студзеня адміністрацыйная камісія Маскоўскага раёна Брэста прызнала Андрэя Шарэнду ў яго адсутнасць вінаватым у парушэнні арт. 21.14 КаАП і аштрафавала яго на 15 базавых велічынь.
Завяршаліся адміністрацыйныя працэсы ў адносінах да ўдзельнікаў ушанавання памяці паўстанцаў 1863 года, якое адбылося яшчэ 26 кастрычніка 2014 года ў раённым цэнтры Свіслач і колішнім родавым маёнтку Каліноўскіх – Якушоўцы. Аднаму з апошніх спагнанне ў выглядзе папярэджання было вынесена непаўнагадоваму Антону Меху з Кобрына. Усяго адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у дадзеным мерапрыемстве былі складзены на 18 чалавек, 14 з іх былі аштрафаваныя пастановамі судоў розных гарадоў краіны – Свіслачы, Гродна, Кобрына, Ваўкавыску, Ліды і Шклова агулам на 255 базавых велічынь. Адміністрацыйныя справы яшчэ трох чалавек былі закрытыя ў звязку са сканчэннем тэрміну даўніны, а Антон Мех атрымаў папярэджанне. Абласныя суды не задаволілі ніводную з 9 пададзеных касацыйных скарг. Віталь Гуляк з Ваўкавыску, а таксама гродзенцы Ежы Грыгенча і Уладзімір Хільмановіч накіравалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Агульная тэндэнцыя па адмаўленні ў задавальненні касацыйных скарг пакараных удзельнікаў масавых мерапрыемстваў была працягнута і ў справе светлагорскага актывіста, інваліда першай групы Юрыя Ляшэнка, які быў пакараны штрафам у памеры 2 базавыя велічыні за адзіночны пікет на цэнтральнай плошчы Светлагорска з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Перад гэтым актывіст прасіў райвыканкам даць дазвол на правядзенне пікета, але ўлады забаранілі праводзіць мерапрыемства, спасылаючыся, што заяўленая пляцоўка (цэнтральная плошча горада) не адпавядае рашэнню выканкама. Нягледзячы на тое, што ў касацыйнай інстанцыі было падкрэслена, што пляцоўкі для пікетаў і мітынгаў, якую вызначыў сваім рашэннем райвыканкам, не існуе ў прыродзе, суддзя Анатоль Сотнікаў скаргу Юрыя Ляшэнка пакінуў без задавальнення.
У студзені масаваму пераследу падвергліся актывісты анархісцкага руху. Першыя затрыманні адбыліся 10 студзеня перад пачаткам панк-канцэрту ў мінскім клубе “Піраты”. Па словах супрацоўнікаў міліцыі, яны нібыта шукалі спайсы, нічога не знайшлі, але канцэрт быў сарваны. Былі затрыманы тры чалавекі, на якіх былі складзены пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства), а таксама на двух дадаткова -- па арт. 17.11 (выраб, распаўсюд і (альбо) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). 12 студзеня ў судзе Ленінскага раёна адбыліся суды над затрыманымі. Пратаколы па арт. 17.11 КаАП былі адпраўлены на дапрацоўку ў РУУС суддзёй Андрэем Камушкіным, які разлядаў усе тры справы. Па выніках адна затрыманая была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў 10 базавых велічынь, двум суддзя прызначыў адміністрацыйны арышт па 10 сутак. 16 студзеня анархісты правялі ў Мінску серыю акцый” у знак пратэсту супраць дзеянняў праваахоўных органаў. Гэтыя акцыі сталі падставай для далейшых затрыманняў і арыштаў. 21 студзеня судом Ленінскага раёна г.Мінска былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак два актывісты анархісцкага руху. Судзіў затрыманых зноў суддзя Андрэй Камушкін. У другой палове гэтага ж дня і зранку 22 студзеня адбыліся судовыя працэсы ў дачыненні да яшчэ двух затрыманых актывістаў па арт. 23.4 "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў". Абодвум вынесена рашэнне аб адміністрацыйным арышце тэрмінам на 15 сутак. Суддзі – Андрэй Камушкін і Марына Запаснік.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
У студзені захоўваліся сур'ёзныя абмежаванні ў сферы свабоды выказвання меркаванняў і ціск на незалежных журналістаў і мас-медыя. Працягвалася практыка прыцягнення супрацоўнікаў масс-медыя да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай журналісцкай дзейнасці.
У студзені зафіксаваны факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія асвятлялі грамадска-значныя падзеі, але іх дзеянні былі расцэнены як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапремстве. Так, згодна з пастановай суда Светлагорскага раёна ад 23 студзеня, гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі былі прызнаны парушальнікамі ч. 1 арт. 23.34 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства і аштрафаваны кожны на 5 базавых велічынь. Журналісты 25 лістапада 2014 года здымалі на відэакамеру пікет грамадскага актывіста, інваліда першай групы Юрыя Ляшэнка ў абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які ён правёў на плошчы перад Светлагорскім райвыканкамам. Суд прыйшоў да высновы, што журналісты загадзя ведалі пра пікет і «наўмысна аказалі Юрыю Ляшэнка садзеянне, забяспечылі відэафіксацыю пікетавання, сумесна знаходзіліся ў забароненым для пікетавання месцы».
Не спыняўся судовы пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежнымі СМІ. 12 студзеня судом Ленінскага раёна Брэста было вынесена рашэнне ў адносінах да Аліны Літвінчук – штраф у памеры 30 базавых велічынь. Журналістка была абвінавачана ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі паводле артыкула 22.9 КаАП за публікацыю на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя” матэрыяла пра дзейнасць Брэсцкага абласнога аддзялення арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA). Рашэнне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці Аліны Літвінчук стала працягам практыкі пакаранняў журналістаў з падобнымі абвінавачаннаннямі, якая актыўна ўжывалася ў папярэднія месяцы. Згодна са звесткамі «Беларускай асацыяцыі журналістаў», у 2014 годзе было зафіксавана 14 спраў, па якіх журналісты былі прызнаны вінаватымі па арт. 22.9 КаАП у сувязі з супрацоўніцтвам з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі.
Абскарджанне ў судах вышэйшых інстанцый, якое адбывалася фактычна па ўсіх справах, не прынесла ніводнага станоўчага выніку. Гэтая тэндэнцыя была перанесена і ў 2015 год і працягнута чарговымі адмовамі ў задавальненні касацыйных скаргаў журналістаў. Так, 8 студзеня Гродзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Андрэя Мялешкі, які 2 снежня 2014 года трэці раз за год быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь за матэрыял на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. 23 студзеня суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма не задаволіла касацыйныя скаргі незалежных журналістаў Алеся Ляўчука і Тамары Шчапёткінай, якія па абвінавачанні ў парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП у снежні 2014 года былі аштрафаваны на 40 і 30 базавых велічынь адпаведна. Суд пакараў А. Ляўчука за нібыта падрыхтоўку матэрыялаў для польскага тэлеканала “Белсат”, Т. Шчапёткіну – для «Беларускага Радыё Рацыя».
Пераслед журналістаў за працу без акрэдытацыі адбываўся на фоне нязменных адмоваў беларускага МЗС такую акрэдытацыю атрымаць. Гродзенскі журналіст Віктар Парфёненка сем разоў атрымліваў адмовы з МЗС Беларусі адносна атрымання сталай акрэдытацыі ад “Беларускага Радыё Рацыя”. Рашэнні пра акрэдытацыю прымае калегіяльна адмысловая камісія, чые дзеянні рэгулюе спецыяльнае Палажэнне. Некалькі разоў журналіст пісаў скаргі і ў само міністэрства, і ва ўрад Беларусі, даводзячы, што яго пазбаўляюць права на прафесію. Але ягоныя скаргі проста адмаўляліся прымаць да разгляду. Адмовіўся разглядаць справу В. Парфёненкі і суд Ленінскага раёна Мінска (менавіта ў гэтым раёне беларускай сталіцы размешчана МЗС), не прыняўшы яе да вытворчасці. Парфёненка не пагадзіўся з рашэннем суддзі Ірэны Бролішс і абскардзіў яго ў Мінскім гарадскім судзе. 19 студзеня калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам Аксаны Будоўскай таксама адхіліла патрабаванні журналіста і адмовіла яму ў праве скардзіцца на дзеянні МЗС.
Судовыя інстанцыі нязменна працягвалі займаць бок дзяржаўных органаў у спрэчках і з мас-медыя. 23 студзеня Вярхоўны суд пакіруў у сіле папярэджанне газеце “Народная Воля”, вынесенае Міністэрствам інфармацыі 18 лістапада 2014 года. Папярэджанне тычылася аўтарскага артыкула «На цепь!” ад 3 кастрычніка мінулага года. Матэрыял быў размешчаны ў аўтарскай калонцы публіцысткі Святланы Калінкінай і прысвячаўся будучай ратыфікацыі дамовы пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза (на момант публікацыі дамова чакала ратыфікацыі беларускім парламентам). Міністэрства інфармацыі ўбачыла ў аўтарскім меркаванні парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян і магчымае нанясенне шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь. У часе судовага разгляду справы прадстаўнікі “Народнай Волі” некалькі разоў звярталі ўвагу на тое, што распаўсюду непраўдзівай інфармацыі ў дадзеным артыкуле не было. У матэрыяле толькі выказвалася меркаванне адной з самых вядомых беларускіх публіцыстак, накіраванае на прыцягненне ўвагі да падпісання дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Пасля судовага рашэння Мінінфармацыі атрымала магчымасць у любы час звярнуцца ў той жа Вярхоўны суд з зыскам пра закрыццё выдання, бо вынесенае папярэджанне было ўжо другім на працягу года. Рашэнне адхіліць заяву “Народнай волі” аб прызнанні папярэджання Мінінфарма несапраўдным прыняла суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Алена Кастрама.
Працягвалася практыка абмежавання доступу да інфармацыі журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Незаконныя абмежаванні немагчыма было зняць нават праз суды. 21 студзеня суд Ленінскага раёна Магілёва адмовіў журналісту інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзіміру Лапцэвічу ў задавальненні скаргі на дзеянні старшыні Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў Анатоля Ісачанкі і галоўнага спецыяліста аблсавета Яўгена Нальгачава. У сваёй скарзе Уладзімір Лапцэвіч прасіў, каб суд прызнаў незаконнымі іх дзеянні па недапушчэнні яго ў якасці журналіста на адкрытае пасяджэнне Магілёўскага аблсавета.
Дзяржаўныя органы фактычна адмовіліся высвятляць абставіны незаконнага блакавання шэрагу сайтаў напрыканцы снежня 2014 года (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.). На звароты ГА “БАЖ” у Генеральную пракуратуру РБ, а таксама ва Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце былі атрыманы фармальныя адпіскі. Генпракуратура запэўніла, што “не ініцыявала пытанняў, звязаных з абмежаваннем доступу да ўказаных у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў” і “інфармацыяй пра прыняцце дзяржаўнымі органамі ўказаных рашэнняў не валодае”. У адказе з Аператыўна-аналітычнана цэнтра пры Прэзідэнце РБ за подпісам першага намесніка начальніка Цэнтра Уладзіміра Рабаволава паведамлялася, што «ААЦ захадаў па абмежаванні доступу да ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася». Упраўленне “К” праінфармавала (намеснік начальніка ўпраўлення Н. Лысенка), што правяло праверку, але “высветліць прычыны адсутнасці доступу карыстальнікаў Беларускага сегменту сеткі Інтэрнэт да вышэйзгаданых інфармацыйных рэсурсаў на тэрыторыі РБ не прадставілася магчымым». Упраўленне «К» адзначыла, што “ў сувязі з тым, што ў дадзеных падзеях адсутнічае грамадская небяспека, а таксама склад адміністратыўнага правапарушэння альбо крымінальнага злачынства, праверка па Вашым звароце спынена”.
Абмежаванне свабоды сходаў
У студзені працягвалася практыка абмежавання свабоды сходаў. Не было зафіксавана ніводнага станоўчага рашэння ўладаў адносна правядзення мірных сходаў, заяўнікамі якіх выступалі прадстаўнікі палітычнай апазіцыі. Пададзеныя заяўкі не былі задаволены па фармальных ці надуманых прычынах.
Так, 18 студзеня намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі і кіраўнік Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек паведаміў пра забарону 18 пікетаў, заяўкі на якія былі пададзены актывістамі і прыхільнікамі партыі. Галоўнай мэтай гэтых акцый было патрабаванне адстаўкі кіраўніка дзяржавы, вінаватага, на думку арганізатараў пікетаў, у валютна-фінансавым крызісе ў Беларусі. У Гродна пікеты, заяўленыя з аналагічнай мэтай старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі АГП Аляксандрай Васілевіч і старшынёй Гродзенскай гарадской структуры партыі Ежы Грыгенча, не былі дазволены ў сувязі з непрадстаўленнем дамоў на забеспячэнне грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборку тэрыторыі. У Астраўцы 17 студзеня пікет па падобнай тэматыцы быў забаронены па прычыне таго, што заяўнік – старшыня Астравецкай гарадской арганізацыі АГП Мікалай Уласевіч месцам для акцыі абраў цэнтральную плошчу, якая прызначана выключна для правядзення дзяржаўных святаў.
Пры абскарджанні адмоваў у правядзенні мірных сходаў суды ва ўсіх выпадках прымалі бок выканаўчай улады і адмаўлялі заяўнікам у задавальненні скаргаў.
27 студзеня суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы не задаволіў скаргу праваабаронцы Сяргея Гоўшы на рашэнне Баранавіцкага гарадскога выканкама, згодна якому быў забаронены пікет, прысвечаны 66-м угодкам прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Судом Салігорскага раёна не была задаволена скарга праваабаронцы Леаніда Мархоткі на забарону пікета да Дня правоў чалавека. 28 студзеня суд Светлагорскага раёна адмовіў інваліду-вазочніку 1 групы Юрыю Ляшэнка, які планаваў правядзенне пікета ў абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі каля будынка райвыканкаму, у задавальненні скаргі на рашэнне мясцовага выканкаму аб забароне.
У той час, як нацыянальныя суды падтрымлівалі захады ўладаў па абмежаванні свабоды мірных сходаў, на міжнародным узроўні падобныя дзеянні трактаваліся як парушэнне правоў грамадзян Беларусі з боку дзяржавы. Камітэт па правах чалавека ААН працягваў рэкамендаваць беларускаму ўраду забяспечыць эфектыўныя сродкі прававой абароны ахвярам парушэнняў, уключаючы перагляд унутранага заканадаўства і захады па недапушчэнні здзяйснення аналагічных парушэнняў у будучыні.
15 студзеня Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па звароце № 1987/2010, згодна з якім Рэспубліка Беларусь прызнаная парушальніцай права на выказванне меркавання шляхам правядзення публічнай акцыі віцебскага актывіста Анатоля Стамброўскага. Справа датычыла забароны адзіночнага пікета 3 красавіка 2009 года ў пешаходнай зоне на скрыжаванні дзвюх вуліц Віцебска, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да парушэнняў заканадаўства органамі ўлады. Камітэт па правах чалавека некалькі разоў спрабаваў дамагчыся ад уладаў Беларусі тлумачэнняў па сутнасці скаргі, але беларускія ўлады адмовіліся даць такія тлумачэнні. Нягледзячы на пярэчанні ўладаў Беларусі, Камітэт палічыў скаргу Стамброўскага прымальнай і разгледзеў яе па сутнасці. Вынік разгляду: «Дзяржава-ўдзельнік не прадставіла ніякіх заўваг па сутнасці гэтага паведамлення… Нацыянальныя органы не патлумачылі, якім чынам падчас правядзення адзіночнага пікету ў пешаходнай зоне аўтар можа парушыць дарожны рух, парадак перамяшчэння людзей, грамадскую бяспеку і парадак у названым месцы, і як абмежаванні правоў аўтара паведамлення, прадугледжаных артыкулам 19 Пакта, абгрунтоўваюцца пунктам 3 артыкулу 19 Пакта. Пры гэтых акалічнасцях Камітэт робіць выснову пра тое, што правы аўтара паведамлення, прадугледжаныя пунктам 2 артыкулу 19 Пакту, былі парушаны».