У Магілёве мясцовая заканадаўчая база не прадугледжвае магчымасці ўдзелу НДА і грамадскасці ў падрыхтоўцы праектаў рашэнняў улады
Пра гэта стала вядома ў выніку маніторныгу ацэнкі ўдзелу НДА і грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым ўзроўні ў Магілёве, а таксама Горацкім і Касцюковіцкім раёнах Магілёўшчыны, якое праводзілі актывісты Магілёўскага грамадзянскага цэнтру ў другім паўгоддзі 2014 года.
Вынікі маніторынга былі прадстаўлены сёння, 27 лютага, на офісе Магілёўскага грамадзянскага цэнтруў. Прэзентавала вынікі маніторынга актывістка Валянціна Шчэтнікава.
Існуючыя нарматыўныя акты – Рэгламенты працы выканаўчай улады і Саветаў дэпутатаў -- не ўтрымліваюць прамых механізмаў ўдзелу НДА, грамадскасці, грамадзян у распрацоўцы парадку дня для выканкамаў і Саветаў дэпутатаў.
У якасці прыкладу была прыведзена спроба карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча патрапіць на адкрытыя пасяджэнні дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. Яго не пускалі на пасяджэнні, бо ён не быў унесены ў спіс спецыяльна запрошаных асоб. Як патрапіць у гэты спіс,яму ніхто так і не паведаміў.
У маніторныгу таксама адзначаецца, што адзінай магчымасцю ўдзельнічаць грамадскасці і НДА ў падрыхтоўкі праектаў рашэнняў улады з’яўляецца заканадаўства па мясцовым самакіраванні і зваротах грамадзян. Мясцовае заканадаўства не прадугледжвае гарантыі ўліку патрэбаў і інтарэсаў удзельнікаў, на якіх уплывае распрацоўка палітыкі (дакументаў і рашэнняў). Праекты рашэнняў накіроўваюцца толькі кіраўніцтву выканкамаў, Саветаў, але ніяк не зацікаўленым НДА.
Заканадаўствам дазваляецца аказваць НДА ўплыў на асоб, якія прымаюць рашэнні, праз публічныя акцыі, дэманстрацыі і іншыя публічныя кампаніі, аднак для арганізацый ствараюцца такія ўмовы пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў, якія немагчыма выканаць. Выканкамы дзясяткі разоў забаранялі правядзенне масавых мерапрыемстваў з розных нагодаў.
Прававыя механізмы ўдзелу НДА ў выкананні рашэнняў мясцовай улады не прадугледжваюць адкрыты доступ грамадзян да дакументаў публічнага сектара, якія звязаны з праектамі і рашэннямі аб выкананні. Грамадзяне не заўжды маюць адкрыты доступ да рашэнняў мясцовай улады, бо рашэнні апублічваюцца выбарачна.
У Магілёве, Горацкім і Касцюковіцкім раёнах не існуе прававых механізмаў, якія дазваляюць НДА збіраць звесткі альбо праводзіць даследванні ў дачыненні здзяйснення канкрэтнай палітыкі, у тым ліку дзякуючы “мазгавым цэнтрам” і навукова-даследчым інстытутам. У заканадаўстве не прадугледжаны механізмы зваротнай сувязі для НДА, такія, як апытанне грамадскай думкі, апытанне ў інтэрнэце альбо анкетаванне. На мясцовым узроўні няма прававых механізмаў, якія дазваляюць НДА быць адказнымі за правядзенне маніторынга вынікаў праграмы з пункту погляду якасці, устойлівага характару, эфектыўнасці і канкрэтных прыкладаў. Заканадаўства не прадугледжвае такіх форм, як рабочыя групы альбо камітэты, якія створаны з НДА, якім даручаны маніторынг ці ацэнка палітычнай ініцыятывы. Няма прававых механізмаў, якія б аддавалі НДА прыарытэтную ролю пры маніторынгу вынікаў палітыкі для забеспячэння таго, каб былі дасягнуты пастаўленыя задачы і, адпаведна, няма прававых механізмаў, якія б аб’ядноўвалі НДА і органы дзяржаўнага кіравання на аснове стратэгічнага партнёрства для правядзення маніторынга і ацэнкі палітычнай ініцыятывы. Напрыклад, незалежнай горацкай газеце “УзГорак” негалосна забаронена працаваць з аддзеламі асветы і культуры (музеі, бібліятэкі і г.д.).
Заканадаўства Магілёва, Горацкага і Касцюковіцкага раёна не дае магчымасцяў для НДА для здзяйснення лабіравання для перагляду палітыкі шляхам выяўлення абмежаванняў ці пабочных эфектаў ад рэалізуемай палітыкі для ўліку патрэб карыстальнікаў альбо грамадзян.
У краіне ў цэлым, а таксама і на мясцовым ўзроўні, няма прававых механізмаў, якія дазваляюць НДА праводзіць даследванні і аналіз для выяўлення прабелаў у існуючай палітычнай ініцыятыве для прадастаўлення абгрунтаванняў для перагляду. Адпаведна, няма рэгламентаваных прававых механізмаў, якія дазваляюць НДА распрацоўваць і прапаноўваць інавацыі – новыя падыходы да рашэння адпаведнай палітычнай праблемы.
Ва ўлады няма фармальнага абавязку для прадастаўлення НДА інфармацыі аб магчымым пераглядзе палітыкі і правядзенні аналізу неабходных зменаў у палітыцы. Заканадаўча не існуе замацаваных абавязкаў для органаў улады па правядзенні канферэнцый, сустрэч, кансультацый (у тым ліку ан-лайн).
У якасці рэкамендацыі Валянціна Шчэтнікава прапаноўвае для ўдзелу НДА і грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні правесці адукацыйныя мерапрыемствы аб формах і метадах удзелу НДА і грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні, сыходзячы з норм беларускага заканадаўства і рэкамендуемай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў.