Беларусь і стан правоў чалавека ў справаздачы Amnesty International 2014/15
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абнародавала справаздачу аб стане правоў чалавека ў 160 краінах свету, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды. Апазіцыйных палітыкаў і праваабаронцаў затрымлівалі за законную дзейнасць. Права на свабоду выказвання меркавання было строга абмежавана, а журналісты зазналі пераслед. Па-ранейшаму захаваліся жорсткія абмежаванні на свабоду сходаў. НДА па-ранейшаму адмаўлялі ў рэгістрацыі.
Смяротнае пакаранне
Пасля двух гадоў, цягам якіх не было ні аднаго смяротнага пакарання, прынамсі тры чалавекі былі таемна расстраляныя. Павел Сялюн і Рыгор Юзэпчук, прысуджаныя да смяротнага пакарання ў 2013 годзе, былі расстраляныя ў красавіку, а Аляксандр Груноў быў пакараны смерцю ў лістападзе. Абскарджванні і звароты на адрас Прэзідэнта з просьбай аб памілаванні былі адхіленыя. Ва ўсіх выпадках Камітэт ААН па правах чалавека прасіў, каб прысуды не прыводзіліся ў выкананне пакуль не будуць разгледжаныя адпаведныя звароты; беларускія ўлады працягвалі прымяняць смяротнае пакаранне ў парушэнне сваіх абавязальніцтваў у межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Яшчэ адзін чалавек, Эдуард Лыкаў, знаходзіўся ў камеры смяротнікаў па стане на канец года.
У кастрычніку Камітэт ААН па правах чалавека пастанавіў, што расстрэл Васіля Юзэпчука ў 2010 годзе уяўляе сабой парушэнне яго права на жыццё ў адпаведнасці з артыкулам 6 МПГПП. Гэта было трэцяе падобнае рашэнне Камітэта супраць Беларусі. Камітэт таксама абвясціў, што ён стаў ахвярай катаванняў з мэтай атрымання прызнальных паказанняў, што яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва было парушана, і што суд не адпавядаў неабходным крытэрам незалежнасці і бесстароннасці.
Свабода выказвання меркаванняў – СМІ
Свабода выказвання меркаванняў была строга абмежаваная. СМІ па-ранейшаму ў значнай ступені знаходзіліся пад кантролем дзяржавы і выкарыстоўваліся дзеля ачарнення палітычных праціўнікаў. Незалежныя СМІ зазналі пераслед, а блогеры, інтэрнэт-актывісты і журналісты сталі ахвярамі адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці. Сістэма дзяржаўнага распаўсюду адмаўлялася распаўсюджваць незалежныя перыядычныя выданні, а інтэрнэт-актыўнасць па-ранейшаму старанна адсочвалася і кантралявалася.
У красавіку ўлады пачалі выкарыстоўваць артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (“незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі”), каб пераследваць незалежных журналістаў, якія пішуць для СМІ, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі, сцвярджаючы, што ім патрэбная афіцыйная акрэдытацыя ад Міністэрства замежных справаў у якасці замежных журналістаў.
25 верасня Марына Малчанава была аштрафаваная на 4 800 000 рублёў ($ 450) судом у Бабруйску пасля таго, як інтэрв’ю, якое яна запісала, трапіла ў эфір польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Прынамсі тры іншыя беларускія журналісты былі аштрафаваныя на аналагічныя сумы ў адпаведнасці з артыкулам 22.9, некалькі чалавек атрымалі папярэджанні або супраць іх былі распачатыя адміністратыўныя справы.
Свабода сходаў
Закон аб масавых мерапрыемствах не зазнаў зменаў: ён па-ранейшаму забараняў вулічныя пратэсты, у тым ліку адзіночныя, нягледзячы на няспынныя заклікі з боку праваабарончых механізмаў ААН да Беларусі перагледзець заканадаўчыя абмежаванні на публічныя сходы і дэкрыміналізаваць арганізацыю публічных мерапрыемстваў без афіцыйнага дазволу. Мірныя дэманстранты неаднаразова арыштоўваліся і прысуджаліся да кароткіх тэрмінаў утрымання пад вартай.
Штогадовае мерапрыемства з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС адбылося ў красавіку. Паводле прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, 16 удзельнікаў былі адвольна затрыманыя ў сувязі з гэтым мерапрыемствам. Сярод іх быў актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў, які быў затрыманы за майку з лозунгам “Лукашэнка, сыходзь!” і абвінавачаны ў “непадпарадкаванні загадам міліцыя” і “лаянцы”. Ён быў прысуджаны да адміністратыўнага арышту на тэрмін 25 сутак у выніку суда, на які ён быў дастаўлены напаўаголены, пасля таго як міліцыя канфіскавала яго майку. У жніўні супраць яго была распачатая крымінальная справа нібыта за абразу суддзі падчас суда, які адбыўся раней, а ў кастрычніку ён быў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні адкрытага тыпу (зменшаны на год па законе аб амністыі). Па стане на канец года скарга на прысуд чакала разгляду.
У кастрычніку актывіст і распаўсюднік прэсы Андрэй Кашэўскі быў прысуджаны да адміністратыўнага арышту на тэрмін у 15 сутак па абвінавачваннях, якія ўключалі арганізацыю “несанкцыянаванага масавага мерапрыемства” і нашэнне майкі з лозунгам “Свабоду палітвязням” з пералікам імёнаў на спіне.
Вязні сумлення
Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі 9-25 траўня 16 актывістаў грамадзянскай супольнасці былі арыштаваныя і прысуджаныя да адміністратыўнага арышту на тэрмін ад 5 да 25 дзён. Восем чалавек былі адвольна арыштаваныя падчас або адразу пасля ўдзелу ў мірным шэсці ў памяць аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ім было прад’яўленае абвінавачванне ў “дробным хуліганстве” і “непадпарадкаваньні патрабаванням міліцыі”. Яшчэ восем чалавек, вядомых за сваю палітычную актыўнасць, былі затрыманыя за некалькі дзён да шэсця па аналагічных абвінавачаннях. Сярод іх быў былы вязень сумлення Зміцер Дашкевіч, які адбыў трохгадовы турэмны тэрмін у жніўні 2013 года. Дашкевіч быў арыштаваны каля свайго дома 24 красавіка і прысуджаны да адміністратыўнага арышту на тэрмін у 25 сутак за “непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі” і “парушэнне абмежаванняў, накладзеных на яго пасля вызвалення з турмы”. Яго затрыманне працягвалася амаль увесь перыяд чэмпіянату.
Шматгадовага вязня сумлення, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча чакаў перавод у папраўчую калонію, які мае адбыцца ў студзені 2015 года, каб адбыць рэшту шасцігадовага тэрміну за ўдзел у паслявыбарчых дэманстрацыях. Пасля прысуду, вынесенага ў 2011 годзе, ён быў пераведзены ў турму ў студзені 2012 года.
Актывіст і сябра моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Эдуард Лобаў быў вызвалены ў снежні пасля заканчэння чатырохгадовага тэрміну па абвінавачванні ў нападзе на мінакоў.
21 чэрвеня старшыня беларускага Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі быў вызвалены ў выніку амністыі. Ён адбыў амаль тры гады з чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Свабода аб'яднанняў
Улады працягвалі адвольна абмяжоўваць права на свабоду аб'яднанняў.
Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, па-ранейшаму выкарыстоўваўся, каб перашкаджаць законнай дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
У лютым суд Цэнтральнага раёна г. Мінска адхіліў скаргу намесніка старшыні грамадскай арганізацыі Праваабарончы цэнтр “Вясна” Валянціна Стэфановіча супраць блакавання сайта НДА без права абскарджвання. Дакументы аб рэгістрацыі гэтай няўрадавай арганізацыі неаднаразова адхіляліся. У 2011 г. Генеральная пракуратура абмежавала доступ да сайта ў адпаведнасці з артыкулам 193.1.
У лістападзе ўлады скасавалі дазвол на жыхарства грамадзянцы Расіі і праваабаронцы Алены Танкачовай, якой быў дадзены адзін месяц, каб пакінуць краіну. Па стане на канец года яе скарга разглядалася судом. Дазвол павінен быў скончыцца ў 2017 годзе. Алена Танкачова з'яўляецца кіраўніком праваабарончай арганізацыі “Цэнтр прававой трансфармацыі” і жыве ў Беларусі ўжо 30 гадоў. Улады сцвярджалі, што рашэнне было звязана з парушэннем правілаў дарожнага руху шляхам перавышэння дазволенай хуткасці. Гэтай рашэнне, як мяркуецца, было накіравана на спыненне яе законнай праваабарончай дзейнасці.
Пераклад з мовы-арыгіналу ПЦ "Вясна".