Намеснік Генеральнага пракурора адмовіўся прыняць хоцімскага актывіста
Грамадскаму актывісту з Хоцімска Валерыю Каранкевічу адмоўлена ў запісе на асабісты прыём да намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Адпаведны адказ з Генеральнай пракуратуры РБ за подпісам намесніка Генеральнага пракурора А. М. Лашына Валерый Каранкевіч атрымаў 21 лютага.
Падставай для адмовы А. Лашын назваў тое, што з улікам заканчэння вызначаных тэрмінаў абскарджвання зараз прававых падстаў для разгляду яго заявы ў частцы парушэння яго выбарчых правоў не маецца. Таксама намеснік Генеральнага пракурора адзначыў, што ў супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС былі дастатковыя падставы для затрымання спадара Каранкевіча і ўзяцця ў яго тлумачэнняў, парушэнняў патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пры гэтым не ўстаноўлена.
Нагадаем, што былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч 29 студзеня накіраваў заяву аб запісе на асабісты прыём да першага намесніка Генеральнага пракурора ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.
У сваёй заяве Валерый Каранкевіч распавядаў пра тое, што ён неаднаразова звяртаўся ў органы пракуратуры рознага ўзроўню са скаргамі на дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС, якія незаконні затрымалі яго на выбарчым участку №3 у Хоцімску непасрэдна перад пачаткам падліку галасоў выбаршчыкаў 23 сакавіка 2014 года і прымусова даставілі ў памяшканне Хоцімскага РАУС. На свае скаргі ў розныя інстанцыі на беспадстаўнае затрыманне спадар Каранкевіч атрымліваў не задавальняючыя яго адказы, у тым ліку двойчы - і з Генеральнай пракуратуры.
На падставе гэтага грамадскі актывіст прасіў першага намесніка Генеральнага пракурора запісаць яго на асабісты прыём з тым, каб ён мог прывесці новыя доказы незаконнасці свайго затрымання і далейшага парушэння яго канстытуцыйных правоў.
У мінулым годзе ў дзень выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.
Сам Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрутавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама з мэтай запалохвання грамадскіх актывістаў Хоцімскага раёна.