Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 8:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня" ды “Асоба. Дзяржава. Грамадства”.
Анонс выпуска:
“Хроніка пераследу”: Журналісту Андрэю Мялешку чыноўнікі не дазваляюць рабіць аўдыёзапісы; Палітычнаму зняволенаму Юрыю Рубцову пагражае новая крымінальная справа; Выдавецтва «ЛогвінаЎ» не пусцілі да ўдзелу ў мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.
“Падзея тыдня”: 16 лютага прэзідэнт Нарвежскага ПЭН-цэнтра Уільям Нюгард і пісьменнік Эрлінг Кітэльсэн наведалі офіс Праваабарончага Цэнтра “Вясна”, дзе абмеркавалі з праваабаронцамі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Скандынаўскія госці прыехалі ў Беларусь па запрашэнні Беларускага ПЭН-цэнтра ў межах міжнароднага паэтычнага фестываля імя Міхася Стральцова. Тым не менш, іх зацікавіла не толькі творчая імпрэза, але і магчымасць сустрэцца з праваабаронцамі.
“Асоба. Дзяржава. Грамадства”: 11 лютага на пашыраным паседжанні Прэзідыума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь былі падведзены вынікі працы судоў агульнай юрысдыкцыі ў 2014 годзе і вызначаны задачы па далейшаму павышэнню эфектыўнасці судовай дзейнасці. Пра хібы і перамогі судовай сістэмы распавядае юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка.
У музычных паўзах - кампазіцыі этна-электроннага праекта ŠUMA.