viasna on patreon

Зварот распаўсюдніка газеты «Витебский курьер» зарэгістраваны ў КПЧ ААН

2015 2015-02-12T16:31:55+0300 2015-02-12T16:42:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zurauleu-mihail-vicebsk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жураўлёў.

Міхаіл Жураўлёў.

Скарга распаўсюдніка газеты «Витебский курьер» Міхаіла Жураўлёва, пададзеная згодна з факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, зарэгістравана пад нумарам 2495/2014. Афіцыйнае паведамленне пра гэта атрымаў праваабаронца Павел Левінаў, які дапамагаў у складанні скаргі.

У 2012 годзе супрацоўнікамі РАУС Першамайскага раёна быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні з боку Міхаіла Жураўлёва - за незаконны, на думку міліцыі, распаўсюд газеты «Витебский курьер». Суддзя суда Першамайскага раёна г. Віцебска Наталля Карабліна прысудзіла М.Жураўлёву адміністрацыйны штраф памерам 2500000 рублей. Штраф у паўтары разы перавышаў пенсію распаўсюдніка.

Абскарджанне гэтае судовае рашэнне не змяніла сітуацыю: суддзя Віцебскага абласнога суда Ірына Смалякова, а потым і старшыня гэтага суда Мікалай Хамічонак не ўбачылі падставаў для адмены пастановы. Не ўбачылі такіх падставаў і ў Вярхоўным судзе: намеснік старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валеры Калінковіч таксама не задаволіў скаргу Міхаіла Жураўлёва.

«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за выказванне свайго меркавання шляхам распаўсюджвання інфармацыі ў друку парушыла права Міхаіла Жураўлёва, гарантаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН. Накладанне адміністрацыйнага спагнання за распаўсюд інфармацыі ёсць не што іншае, як ухіленне Рэспублікі Беларусь - у асобах вышэйпералічаных суддзяў і структур - ад прынятых абавязкаў па недапушчальнасці дзеянняў, накіраваных на знішчэнне правоў і свабод, прадугледжаных Пактам», - перакананы Павел Левінаў.

Цяпер у гэтай справе будзе разбірацца Камітэт па правах чалавека ААН. Там ужо разгледжана амаль 100 зваротаў грамадзян аб парушэнні Рэспублікай Беларусь іх правоў і свабод. У пераважнай большасці выпадкаў дзяржава прызнана парушальнікам. Яшчэ каля 70 зваротаў чакаюць разгляду.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства