viasna on patreon

Як сядзяць у польскіх турмах?

2015 2015-02-11T12:50:30+0300 2015-02-11T13:13:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polska_turma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Польскі вязень можа зарабляць $ 500, вучыцца і працаваць валанцёрам. Журналіст «Белсату» пабываў у двух польскіх вязніцах і даведаўся, у якіх умовах адбываюць пакаранні асуджаныя ў суседняй краіне.

Вязніца адчыняе дзверы

Варшаўскі аддзел Турэмнай службы зладзіў двухдзённую акцыю «(Не)пазнанае ў вязніцах» падчас якой можна было наведаць такія ўстановы. Ахвотных набралася больш за 5 тысячаў асобаў, аднак кожная з вязніцаў магла прыняць толькі па дзве групы з 20-30 асобаў. «З дапамогаю гэтай акцыі мы хочам распавесці пра сваю працу, паказаць як жывуць вязні. І разбурыць міфы і стэрэатыпы адносна нашай службы, якія існуюць у грамадстве», – гаворыць Дарота Алямэ, намесніца прэс-афіцэра ў СІЗА «Варшава – Бялалэнка».


Імаверна, што стэрэатыпы адносна турмаў у палякаў не настолькі змрочныя: у чарзе ля турмаў былі нават бацькі з дзецьмі. А яшчэ менавіта тут быў лагер для інтэрнаваных апазіцыянераў у часы ваеннага становішча ў 1981 годзе. Сядзеў тут сярод іншых і цяперашні прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Сёння ў Польшчы за кратамі знаходзяцца каля 78 тысячаў асобаў, або прыкладна 220 асобаў на 100 тыс. насельніцтва. У Беларусі статыстычныя звесткі пра турмы застаюцца закрытыя. Але, паводле дакладу Рады Еўропы, у 2013 годзе ў нашай краіне апошні паказнік ледзь не ўдвая большы – 438 вязняў на 100 тыс. насельніцтва.

Турэмная служба падпарадкоўваецца міністру юстыцыі. Але за захаваннем правоў вязняў, апроч органаў кантролю, сочаць таксама Амбудсмен у правах чалавека ды праваабарончыя арганізацыі. У прэс-службе запэўніваюць, што праваабаронцы маюць адкрыты доступ да вязніцаў ды могуць наведваць іх нават без папярэдняга ўзгаднення.

Тры метры на асобу і восем меню

Кардынальныя перамены да лепшага ў польскіх турмах пачаліся некалькі гадоў таму. Прынамсі гэтак мяркуе адзін з асуджаных у варшаўскай вязніцы, які браў удзел у сустрэчы з журналістамі і наведнікамі. Удзельнікам акцыі паказалі некалькі камер у ізалятары. Як прызнаюць у Турэмнай службе, месца няшмат – 3 квадратныя метры на асобу. Затое спраўная вентыляцыя, добрае асвятленне. На досыць вялікіх вокнах – шклопакеты. На батарэях можна рэгуляваць тэмпературу. Пра такія ўмовы беларускі вязень можа толькі марыць. Але ў Турэмнай службе запэўніваюць, што нам паказалі «не самыя лепшыя і не самыя горшыя» камеры.

Польскі і беларускія вязні маюць падобныя правы. Адно з самых важных для арыштанта – мець магчымасць сустрэцца з роднымі. У СІЗА ў Радаме такія сустрэчы адбываюцца ў адмысловай залі, дзе стаяць столікі і крэслы, ёсць асобны дзіцячы куток, а побач – кіёск, дзе можна купіць слодычы ці абед. Такія сустрэчы маюць адбывацца 2 разы на месяц. Дадатковая сустрэча можа быць, калі ў вязня ёсць малалетняе дзіця.

«Адміністрацыя можа заахвоціць вязня, даўшы права на яшчэ адну сустрэчу і гэтай магчымасцю мы стараемся карыстацца часта. Узнагароджваем тых, у каго няма спагнанняў, хто бярэ актыўны ўдзел у рэсацыялізацыйных працах, – гаворыць намеснік дырэктара СІЗА ў Радаме маёр Павэл Любэрскі. – У сваю чаргу пазбаўленне права на спатканне – адно з самых суворых пакаранняў. Таксама караю служыць сустрэча ў адмысловым памяшканні, калі наведніка і вязня падзяляе шкло і яны гавораць праз тэлефон, калі вязень не можа нават дакрануцца да любімага чалавека».
Што да турэмнай ежы – пры наяўнасці медычных паказанняў вязень можа атрымліваць асобнае меню. У Радаме вязніца разлічана на тысячу чалавек. І кожны дзень тут кормяць асуджаных паводле 8 розных меню. Ёсць меню для дыябетыкаў, для вегетарыянцаў, для тых, хто з рэлігійных прычынаў не можа есці свініну.

Чалавечыя твары ў турме

«Мой тэрмін – 15 гадоў. Дзесяць з іх я ўжо правёў за кратамі. І з самага пачатку я для сябе вырашыў, што турма не зробіць з мяне гародніны. Я застануся чалавекам і зраблю ўсё, каб гэтыя гады не былі поўнасцю выкрасленыя з жыцця цалкам», – гаворыць Т. Ён пачынаў з працы на кухні. Цяпер – працуе на радыёвузле вязніцы, дзе разам з іншымі арыштантамі робіць уласныя праграмы. У вольны час вышывае і робіць мадэлі. Марыць пра тое, што яму выпішуць пропуск у горад, да сям'і, за ўзорныя паводзіны.

«За дзесяць гадоў я пабачыў у турме вельмі шмат вельмі розных людзей. І хацеў бы сказаць пра тое, наколькі гэта тонкая лінія – паміж свабодаю і турмой. Сюды трапляюць не толькі злачынцы да мозгу касцей, але і звычайныя людзі. Адна недарэчная выхадка – і ты тут. У мяне іначай, я здзейсніў бессэнсоўнае і жудаснае злачынства. Праз алкаголь. Я мог атрымаць і пажыццёвае», – дадае Т.

Другі вязень, які прыйшоў на сустрэчу, трапіў у турму за тое, што здзейсніў ДТЗ, у якім загінуў чалавек. За стырно М. сеў п'яны. Асуджаны мае «паўадчынены рэжым» ды на валанцёрскіх асновах працуе ў мясцовым архіве. Таксама прыходзіць на сустрэчы з кіроўцамі ў мясцовы Цэнтр дарожнага руху. Там адбываюцца дадатковыя курсы для кіроўцаў, якія атрымалі штрафныя пункты і рызыкуюць згубіць правы. М. распавядае ім сваю гісторыю. «Я здзейсніў злачынства. І мушу панесці пакаранне. Але я выйду на волю, а чалавека, які праз мяне загінуў, не вярнуць. Я спрабую данесці гэта да іншых кіроўцаў, да падлеткаў, з якімі таксама арганізоўваюць сустрэчы. Калі я дагукаюся хоць бы да трох асобаў з 30, ужо будзе добра», – дадае ён.

Рэсацыялізацыя. Як не згубіць чалавека ў турме

Псіхолаг Анна Ф’ялкоўска працуе ў СІЗА ў Варшаве. Яна распавядае, што, трапіўшы за краты, вязні трапляюць і пад нагляд ейных калегаў. Кожны праходзіць адмысловыя тэсты і сумоўіз псіхолагам, ацэньваецца псіхічны стан арыштаванага. Асаблівая ўвага тым, хто мае схільнасць да самазабойства.

 

«У вязніцу трапляюць розныя людзі. Хтосьці ўжо быў за каратамі, хтосьці першы раз. І найбольш чалавека пужае няпэўнасць. Невядома, колькі часу ён правядзе тут, калі ён яшчэ не асуджаны і не апраўданы. Гэта новая рэчаіснасць, з якой даводзіцца мірыцца і ў якой давядзецца існаваць. У дадатак да ўсяго, на этапе, калі асоба яшчэ не асуджаная, не адміністрацыя вязніцы, а следчыя даюць згоду на спатканні з роднымі. Гэта таксама вельмі цяжка ў псіхалагічным плане. Мы, псіхолагі і выхаваўцы, намагаемся дапамагчы адаптавацца. Абсалютна кожны вязень можа скарыстацца з нашай дапамогі», – гаворыць Анна Ф’ялкоўска.

Гэта толькі пачатак рэсацыялізацыі вязняў. У мэтах Турэмнай службы – не толькі выканаць пакаранне, але і вярнуць чалавека ў грамадства. І найлепшы спосаб зрабіць гэта – даць магчымасць вязню вучыцца і працаваць, прыносіць карысць іншым.

У польскіх вязніцах існуюць адукацыйныя праграмы. Можна атрымаць сярэднюю і спецыяльную адукацыю, вучыць замежныя мовы. Але бадай што галоўным прывілеем лічыцца магчымасць працаваць.

Каля 35 % вязняў у Польшчы працуюць – за грошы ці на валанцёрскай аснове. Уласна ў вязніцы можна працаваць у прыборных ці рамонтных брыгадах, на кухні. За такую працу прадугледжаны заробак – памерам мінімальнага (каля $ 450). Аднак уладкаваць вязня можа любы працадаўца і нават некамерцыйная арганізацыя (калі рэжым асуджанага дазваляе выхад у горад). З пяці ўладкаваных вязняў на валанцёрскай аснове працуюць тры. Польская дзяржава дае права працадаўцам на датацыі і крэдыты.
Польскія турмы адкрытыя для супрацы з недзяржаўнымі арганізацыямі. Супольныя праекты скіраваныя акурат на сацыялізацыю вязняў, а таксама на паляпшэнне ўмоваў утрымання. Гэтак, у СІЗА у Радаме супольна з Кракаўскай акадэміяй мастацтваў... размалявалі дворыкі для шпацыраў.

Пасля такіх мастацкіх дворыкаў у Радаме шэрыя бетонныя сцены «шпацырнякоў» у Варшаве асабліва прыгнятаюць. Аднак і ў Радаме пакінулі два дворыкі не размаляванымі. Для тых, хто правініўся.

belsat.eu

 

Падрабязны фотарэратраж  тут

Дарота Алямэ, намесніца прэс-афіцэра ў СІЗА «Варшава – Бялалэнка».
Псіхолаг Анна Ф’ялкоўска працуе ў СІЗА ў Варшаве

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства