Суд адмовіў Рыгору Кастусёву ў задавальненні касацыйнай скаргі
Магілёўскі абласны суд 3 лютага адмовіў намесніку старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву ў задавальненні касацыйнай скаргі на прысуд суда Шклоўскага раёна аб пакаранні яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года.
Разглядаў касацыйную скаргу Кастусёва суддзя Магілёўскага аблсуда Мікалай Гладкі. Разгляд скаргі ў судзе праходзіў на беларускай мове. Суддзя не прыняў да ўвагі аргументы Рыгора Кастусёва наконт шматлікіх парушэнняў норм права суддзёй Святланай Баранцавай пры разглядзе яго адміністрацыйнай справы ў судзе Шклоўскага раёна, ён вырашыў пакінуць пастанову шклоўскага суда без змяненняў і касацыйную скаргу спадара Кастусёва без задавальнення.
Па словах Кастусёва, ён збіраецца абавязкова абскарджваць незаконнае, на яго думку, рашэнне, у вышэйшых інстанцыях.
“Мікалай Гладкі патлумачыў напрыканцы пасяджэння, што я маю права на працягу шасці месяцаў абскардзіць яго рашэнне і рашэнне суда Шклоўскага раёна, накіраваўшы наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда, - кажа Рыгор Кастусёў. – І я гэта зраблю найбліжэйшым часам, неўзабаве пасля таго, як атрымаю на рукі пастанову Магілёўскага абласнога суда”.
Нагадаем, што 23 снежня суддзя суда Шклоўскага раёна Святлана Баранцава пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь (тры мільёны семсот пяцьдзясят тысяч рублёў) намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года.
У Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і Рыгор Кастусёў.
Увесь час на мерапрыемстве прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў адзначэння Дня памяці ў Свіслачы былі пакараныя вялікімі штрафамі.