viasna on patreon

Упраўленне “К”: У блакаванні сайтаў “адсутнічае грамадская небяспека”

2015 2015-01-29T13:47:37+0300 2015-01-29T13:47:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/internet_off.jpg

Упраўленне “К” пры Міністэрстве ўнутраных спраў і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце РБ адказалі на зварот ГА «БАЖ» наконт блакавання шэрагу інтэрнэт-сайтаў.

«Паведамляем, што ААЦ захадаў па абмежаванні доступу да ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася», – гаворыцца ў лісце першага намесніка начальніка Цэнтра Уладзіміра Рабаволава.

«Акрамя таго, у мэтах атрымання поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі па ўказаных у звароце пытаннях з аператарамі электрасувязі, упаўнаважанымі за пропуск міжсецевага трафіка, праведзена адпаведная праца”, – піша сп. Рабаволаў.  

“Па прадстаўленай дадзенымі аператарамі інфармацыі ўстаноўлена, што якіх-кольвек абмежаванняў на доступ да ўказаных у звароце інтэрнэт-сайтаў не прымянялася. Збояў у працы абсталявання сетак перадачы дадзеных, а таксама кропкі абмену нацыянальным трафікам і міжнароднага цэнтра камутацыі 19 снежня 2014 г. не зафіксавана”.  

“Разам з тым указанымі аператарамі 19 снежня 2014 г. зафіксавана масіраваная атака на сетку перадачы дадзеных. Паводле атрыманай інфармацыі, зробленыя захады абароны не паўплывалі на даступнасць указаных у звароце інтэрнэт-сайтаў”, – пішуць з ААЦ.  

Упраўленне “К” інфармуе ГА “БАЖ”, што правяло праверку, у часе якой высветліла фізічнае месцазнаходжанне “тэхнічных рэсурсаў” заблакаваных сайтаў (у лісце пералічваюцца канкрэтныя краіны па кожным рэсурсе).

“Паводле інфармацыі РУП “Белтэлекам”, якіх-кольвек абмежаванняў на даступнасць указаных рэсурсаў у сетцы перадачы дадзеных РУП “Белтэлекам” не ўстаноўлена”, – піша намеснік начальніка ўпраўлення Н. Лысенка.  

“Высветліць прычыны адсутнасці доступу карыстальнікаў Беларускага сегменту сеткі Інтэрнэт да вышэйзгаданых інфармацыйных рэсурсаў на тэрыторыі РБ не прадставілася магчымым. У ходзе правядзення праверкі праблем з доступам з унутранай сеткі РБ да ўказаных Вамі рэсурсаў не зафіксавана”.     

МУС прапануе адрасаваць пытанні наконт блакавання і яго прычын Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі Мінсувязі і інфарматызацыі (РУП “БелДІЭ”).

“У сувязі з тым, што ў дадзеных падзеях адсутнічае грамадская небяспека, а таксама склад адміністратыўнага правапарушэння альбо крымінальнага злачынства, праверка па Вашым звароце спынена”, – піша ўпраўленне “К”.  

Нагадаем, што 22 снежня ГА “БАЖ” накіравала ў Генеральную пракуратуру РБ, а таксама ва Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце афіцыйныя лісты. Арганізацыя заклікала гэтыя ведамствы правесці праверку незаконнага блакавання шэрагу сайтаў напрыканцы снежня (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.) высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.

Генпракуратура адпісалася яшчэ ў сярэдзіне студзеня. Ведамства запэўніла, што “не ініцыявала пытанняў, звязаных з абмежаваннем доступу да ўказаных у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў” і “інфармацыяй пра прыняцце дзяржаўнымі органамі ўказаных рашэнняў не валодае”. Таксама пракуратура накіравала зварот ГА “БАЖ” “для разгляду па сутнасці” ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства