viasna on patreon

«Вікінгі» бабруйскай калоніі крычалі мне «Жыве Беларусь!»

2015 2015-01-29T09:42:05+0300 2015-01-29T09:42:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales-4-29.jpg
Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі ў межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» распавёў пра тое, чаму варта заставацца ў краіне, улады якой распраўляюцца з праваабаронцамі, што агульнага мае сёння беларуская калонія з сталінскім лагерам, і чаму ён не адчуваў сябе ахвярай за кратамі.

 

— Да ўзбуджэння крымінальнай справы ў вас была магчымасць з'ехаць з краіны, але вы гэтага не зрабілі. Чаму?

— Калі мяне выклікалі ў падаткавую інспекцыю і паклалі на стол дакументы з літоўскага банка, да якіх яны мелі прэтэнзіі, я ў гэты ж дзень паказаў ксеракопіі дакументаў адвакату. Ён сказаў, што Дэпартамент фінансавых расследванняў, згодна гэтых дакументаў, можа арыштаваць мяне у любую хвіліну. Перапіска з падаткавай інспекцыяй ішла паўтары месяцы, і ўвесь гэты час я з'язджаў з Беларусі і вяртаўся (у Вільні як раз была летняя праваабарончая школа, дзе я выкладаў). Я выдатна разумеў, што калі мяне затрымаюць — гэта будзе палітычнае рашэнне.

Чаму я не з'ехаў? Па-першае, таму што ўлады чакалі, што я з'еду. Па-другое, абвінавачванне было накіраванае на тое, каб нейтралізаваць мяне як праваабаронцу. Калі чалавек, якога абвінавачваюць у фінансавых злоўжываннях, з'язджае, апраўдацца потым амаль немагчыма. Каб паказаць, куды на самай справе куды ішлі гэтыя грошы, я застаўся. Іншых варыянтаў проста не было.

— А калі б загадзя ведалі, праз што вам давядзецца прайсці, усё роўна засталіся б у Беларусі?

— Так, вядома. Падзеі, якія разгарнуліся потым, былі вельмі важнымі. На судзе стала відаць, што фінансаванне ішло на праваабарончую дзейнасць, а не мне асабіста, у чым мяне абвінавачвалі. Тым не менш мяне асудзілі на чатыры з паловай гады зняволення.

Прысуд усімі назіральнікамі быў успрыняты як палітычны пераслед. Дарэчы, падобныя сродкі пераследу праваабаронцаў ужываюцца не толькі ў Беларусі. Іх прымяняюць багата ў якіх краінах з аўтарытарным рэжымам. Падобнае мы бачым у Азербайджане, у Расіі і Іране. Калегі з Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека налічылі 16 краін, дзе супраць праваабаронцаў былі вылучаныя падобныя абвінавачванні.

Пасля судовых паседжанняў я вяртаўся стомлены, але ў мяне быў задаволены выгляд. Сукамернікі пыталіся: «Чаго ты такі вясёлы?». А ў мяне міжволі з'яўлялася ўсмешка, бо я хацеў, каб працэс быў публічны, каб усе ўбачылі, чые вушы тырчаць за гэтым судзілішчам, — і гэта атрымалася.

 Прысуд быў вельмі нетыповы. Начальнік атраду ў бабруйскай калоніі са здзіўленнем сказаў мне: «Я працую 15 гадоў і бачу першага чалавека з такім артыкулам, які б прыехаў на зону».

Зняволенне не стала для мяне трагедыяй. Не было ніякага адчування, што мяне перамаглі. Гэта была барацьба за праўду, за свае ідэалы да самага апошняга дня, пакуль мяне не выпусцілі. У калоніі мяне зрабілі злосным парушальнікам, і я не падпадаў пад амністыю. Але яе ўжылі ў дачыненні да мяне ў першы ж дзень. Гэта таксама паказвае, што маё ўтрыманне ў зняволенні мела палітычны падтэкст.

Праз тры месяцы пасля таго, як я апынуўся на волі, выйшла рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, дзе прысуд у дачыненні да мяне быў прызнаны несправядлівым. Дзяржаву абавязалі перагледзець яго. Але улады не прызнаюць абавязковасці падобных рашэнняў. Таму на маім баку пакуль што — маральная перамога. Але ж і гэта надзвычай важна.

Што датычыцца з'язджаць ці заставацца — гэта асабістая справа кожнага. Я не асуджаю тых людзей, якія з прычыны палітычнага пераследу, немагчымасці тут нармальна жыць, займацца грамадскай дзейнасцю, вымушаныя былі з'ехаць з Беларусі. Урэшце ў любой кропцы планеты зараз можна быць карысным для Беларусі. Абы было жаданне. Але мне ўтульней тут, у Беларусі. Тут я сапраўды адчуваю сябе на сваім месцы.

 

«У зняволенні можна пражыць без перадач, але без пачуцця свабоды – ніяк», — гаварыў Алесь Бяляцкі на прэс-канферэнцыі пасля свайго вызвалення. Фота Сяргей Балай

Даведка

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі ў лістападзе 2011-габыў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі беларускім уладам Літва і Польшча.

Грошы з замежных банкаўскіх рахункаў выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць. Адкрыць рахункі ў Беларусі было немагчыма, бо «Вясна» працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі арганізацыі ў афіцыйнай рэгістрацыі.

Урон, які быццам бы нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў цалкам кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, да вынясення прысуду.

Алесь Бяляцкі быў прызнаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вязнем сумлення.

Тры гады запар Алеся Беляцкага вылучалі прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.

Праваабаронца адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2. Быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014-га.

— Адміністрацыя бабруйскай калоніі застрашвала зняволеных спагнаннямі, каб яны не кантактавалі з вамі. Ці зназодзіліся ў вашым асяродку людзі, якія не баяліся парушыць забаронуі размаўлялі з вамі?

— Перад тым, як я апынуўся ў атрадзе, з яго перавялі чатырох чалавек, якія выпісвалі «Народную волю». Астатніх папярэдзілі: калі будуць са мной кантактаваць — у іх будуць праблемы.

Раз у два-тры месяцы людзі з атрада знікалі, іх пераводзілі ў іншыя атрады. Прычына была ў тым, што яны мелі са мной розныя кантакты. Часта бытавыя: ці ў мяне прасілі кавалак мыла альбо газету пачытаць, я прасіў адчыніць бляшанку кансерваў. Гэтага хапала, каб людзі пераязджалі ў іншыя атрады. Я ўжо не кажу пра размовы аб палітыцы ці крымінальных справах. Зняволеныя асцерагаліся са мной кантактаваць, таму што чалавек, жывучы ў атрадзе, на адным месцы, неяк уладкоўваецца, там і праца, і сябры, і наладжаны побыт. А пераезд — гэта заўсёды клопат.

Калі мы ва ўмывальніку пралі рэчы, напрыклад, утрох, тады крыху размаўлялі. Калі я апынаўся з кімсьці адзін на адзін — размаўлялі яшчэ больш адкрыта. Але калі заходзіў нехта з тых, каму не давяралі (людзей, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, ведалі), размовы спыняліся.

Зняволеныя ў калоніі ставіліся да мяне з павагай. Можа быць, таму, што пераважная большасць зняволеных не любіць Лукашэнку.Мяне ўспрымалі як чалавека, які супраціўляўся беззаконню і пацярпеў за гэта. Іншая справа, што тыя, хто супрацоўнічаў з адміністрацыяй калоніі, выконвалі пэўныя загады, каб маё жыццё не было спакойным. Трымалі ўвесь час у напружаным стане.

Хаця нічога выключнага тут няма. Вазьмі любыя ўспаміны палітычных зняволеных 70-80-х гадоў — і ты знойдзеш там тое самае. Уся гэтая сістэма адладжаная яшчэ з сталінскіх, а затым і брэжнеўскіх часоў. Ідзе вельмі вялікі ціск на кожнага палітычнага вязня. З першай да апошняй хвіліны я ніколі не адчуваў сябе ў спакоі і ў бяспецы. Іншая рэч, што паступова з’яўляецца вопыт — што казаць і як рабіць, каб максімальна захаваць сваё “я”.

— Самае галоўнае, што вы зразумелі пра пенітэнцыярную сістэму за тры гады зняволення?

— Па-першае — яна ў нас дастаткова закрытая. З гэтага вынікае, што людзі за кратамі часта апынаюцца ў сітуацыях, калі не могуць сябе абараніць. Я перакананы, што гэтую сістэму трэба зрабіць больш празрыстай і адкрытай для грамадства, для грамадскіх арганізацый, якія маглі б дапамагаць юрыдычна, маральна, матэрыяльна людзям, якія знаходзяцца ў зняволенні, і ў той самы час кантраляваць, каб не было самавольства з боку адміністрацыі ў дачыненні да зняволеных.

Як кажуць, ад турмы і ад сумы не заракайся. Любы з нашых сяброў, сваякоў ці знаёмых можа апынуцца ў месцах зняволення. І няма ніякіх падстаў ці аргументаў, каб трымаць чалавека ў зняволенні, як скаціну. Чалавечая годнасць, правы зняволеных павінны быць захаваныя. А зараз пенітэнцыярная сістэма накіраваная на тое, каб знішчыць чалавечы гонар і пераўтварыць зняволенага ў забітую істоту, у паслухмянага стукача.

Па-другое, трэба, каб людзі жылі ў нармальных умовах. Каб месцы зняволення не ператвараліся ў падабенства постсталінскіх лагероў ці савецкіх калоніяў. Зняволеным мусяць быць прадастаўленыя нармальныя ўмовы для існавання.

Я не кажу, што там ўсё так кепска, як было у 30-я ці 50-я гады мінулага стагоддзя, але ёсць багата пытанняў, якія тычацца найперш захавання чалавечай годнасці і ўмоваў утрымання, якія патрабуюць сур’ёзнага паляпшэння. Калі на 100 чалавек чатыры стульчакі ў прыбіральні, можаш сабе ўявіць, што там робіцца...

А якія загаджаныя і нялюдскія перасылачныя камеры. Якая бывае перанаселенасць у следчых ізалятарах, калі затрыманыя вымушаныя спаць па сменах, па чарзе: хто ноччу, а хто — днём.

Нярэдкія ў атрадах такія хваробы як кароста, а часам з’яўляюцца і сухоты.

У турэмнай лаўцы не дакупіцца яблыкаў і цыбулі. У маім турэмным жыцці было так, што мне на працягу амаль году не дазвалялі харчовых перадачаў, і я за год з’еў толькі адзін яблык. Ці ж гэта не сталінскія рэцыдывы ў беларускай турме?

Па-трэцяе, ніхто не думае, як зрабіць так, каб чалавек, выйшаў з турмы і захацеў стаць лепшым. У нас зусім не выкарыстоўваюцца адпрацаваныя і адшліфаваныя ў Еўропе адукацыйныя сістэмы па рэсацыялізацыі зняволеных. Тут нічога новага выдумляць не трэба, бо ёсць вельмі багаты вопыт. Але гэта не для нашых сённішніх турмаў.

— А вам калі было страшна?

— Мне страшна не было. (Усміхаецца). А чаго мне баяцца? Я чалавек, які ўжо багата пажыў. Праўда, калі мяне спрабавалі, як і іншых вязняў, старэйшых за сорак гадоў, называць “старым”, я гэта адразу спыніў. Так што мяне звалі, як і трэба, Алесем.

— Былы палітвязень Мікалай Аўтовіч ніводнага дня ў зняволенні не працаваў, бо не лічыў сябе вінаватым. Ён шчыра не разумеў, чаму іншыя палітзняволеныя працавалі. Як бы вы адказалі на гэтае пытанне?

— Я вельмі паважаю пазіцыю Мікалая Аўтуховіча. Але мая пазіцыя таксама нармальная. (Усміхаецца). Можна было працаваць ці адмовіцца. Як ты сам вырашыш. Мне цікавей было з людзьмі.Любая праца, любое перамяшчэнне ў калоніі — гэта заўсёды новыя ўражанні. Выйшаў, на неба паглядзеў, на птушак, ці з чалавекам павітаўся, пераміргнуўся, хутка перагаварыў.

Калі б я не працаваў, адміністрацыя была б вельмі задаволеная. Для іх гэта быў бы найлепшы варыянт. Таму што за адмову ад працы я адназначна быў бы пакараны і цалкам ізаляваны. Урэшце патрапіў бы ў крытую турму і сядзеў бы у камеры адзін, з тэлевізарам размаўляў. Зусім іншая справа, калі ты ў калектыве.

Умовы, у якіх у турме сядзлі Аўтуховіч і Статкевіч, значна цяжэйшыя для псіхікі і для здароўя зняволеных. Іх можна прыраўнаць да катаванняў. Яны там сядзяць, як дзекабрысты ў Шлісельбургскай крэпасці некалі сядзелі.

Па-другое, працаваць — гэта нармальна, калі ты знаходзішся ў зняволенні. Нашыя папярэднікі, савецкія дысідэнты, ў зняволенні працавалі. Яны лічылі гэта прымальным. Чым я лепшы за іх?

Калі мне пачалі чапляць парушэнні, я сказаў: «Хочаце мяне ў турму пасадзіць — саджайце, але я пальцам не паварушу, каб вам дапамагчы». Ніколі нічога лішняга не рабіў, але ад працы не адмаўляўся. Вядома, я быў нязручны для адміністрацыі калоніі, багата было клопатаў праз мяне: трэба было назіраць, розныя аперацыі прыдумлялі... Усё чагосьці баяліся.

Таму я лічу, што Аўтуховіч прыняў гераічнае рашэнне і мужна вытрымаў усе цяжкасці і выпрабаванні. Але, падаецца, і я паказаў адзін са шляхоў, як там можна жыць і штосьці рабіць, быць з людзьмі, з якімі ты знаходзішся, атрымліваць ад іх маральную падтрымку і самому даваць яе.

Вельмі цікавыя выпадкі здараліся. Прыходзіш у лазню, дзе некалькі атрадаў мыюцца, а там дзяды: «Алесь, мы чытаем пра цябе ў «Народнай волі», «Нашай Ніве», трымайся, даражэнькі!». Самі непрытульныя і з вялікімі тэрмінамі, а мяне імкнуліся падтрымаць.

З працы мы ідзем праз іншыя атрады (кожны з іх агароджаны). Праходзім каля 16-га атраду, дзе трымалі пенсіянераў і інвалідаў. Тых, хто там жыў называлі “вікінгамі”, таму што яны, як пасля боя, ішлі: хто кульгае з мыліцай, каго цягнуць, каго падтрымліваюць. Усе хворыя і старыя. Там жа дзяды сядзяць, якім па 70-80 гадоў! Мае аднаатраднікі са мной калі і кантактуюць, дык таемна, а гэтыя не баяцца нічога, ім усё адно. Інваліда ж у іншы атрад не перавядзеш і не пасадзіш у ШЫЗА. Ідзем каля іх, яны крычаць: «Алесь! Жыве Беларусь!». «Жыве, жыве!» — адгукаюся і пайшоў. (Смяецца).

Такія выпадкі даюць моцнае адчуванне, што ты там не адзін, як воўк, сядзіш. Для мяне гэта было важна. Хаця з другога боку, я разумеў, што калі б адміністрацыя ці тыя, хто з Менску аддае ёй загады, захацелі б мяне ў турму адправіць, гэта было вельмі проста зрабіць, як са Статкевічам,— справакаваць і паехаў бы. Думаю, што ў дачыненні да мяне не было загаду. Былі правакацыі, але больш абмежаваныя. І ўсё сканчалася нічым.

— Вы пісалі са зняволення вельмі пазітыўныя лісты жонцы, вясноўцам, сябрам. Пра тое, што шкадаваць вас не трэба, а вы самі каго хочаце пашкадуеце.

— Я не адчуваў сябе ахвярай ніводнае хвіліны. У мяне было пачуццё, што барацьба працягваецца. І гэта доўжылася, пакуль мяне не выпусцілі. Хаця жыццё там было не простым, але я імкнуўся не паказваць гэтага і дасылаць з калоніі пазітыўныя сігналы, ведаючы, што за маім лёсам сочаць сотні і сотні людзей. Мне хацелся, каб там, на волі, людзі варушыліся, каб не было суцэльнага страху з-за таго, што калі ты трапляеш у турму, дык тваё жыццё сканчаецца. Насамрэч — не.

 

21 чэрвеня 2014-га Алеся Беляцкага вызвалілі. Яго сустракалі на станцыі праваабаронцы, журналісты і грамадскія дзеячы.Фота Антон Матолька

Працяг інтэрв'ю чытайце на сайце «Салідарнасці» у бліжэйшым часе

 

 

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі.
Сустрэча старшыні ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі пасля вызвалення ў Бабруйскай калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства