viasna on patreon

Салігорскім ідэолагам пракуратура не ўказ

2015 2015-01-20T09:26:07+0300 2015-01-20T10:59:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynounikkk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Салігорскі райвыканкам па-ранейшаму адмаўляецца надаць галоснасці свайму таямнічаму рашэнню, на падставе якога 10 снежня быў забаронены пікет да Дня правоў чалавека на Цэнтральнай плошчы горада. Нават пад ціскам пракуратуры выканкамаўскія ідэолагі працягваюць адфутбольваюць мясцовых праваабаронцаў на адпаведныя пошукі ў “Занальны дзяржаўны архіў у г.Слуцку”.

Напрыканцы снежня пракурор Салігорскага раёна Алег Аўдзей прадпісаў старшыні Салігорскага райвыканкаму Аляксандру Рымашэўскаму вырашыць пытанне з выдачай мясцоваму прадстаўніку Беларускага Хельсінскага Камітэта Леаніду Мархотку копію “таямнічкага” выканкамаўскага рашэння ад 07.10.2004г. №700 “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”.  Таксама пракурор узняў перад раённымі ўладамі пытанне размяшчэння гэтага рашэння на афіцыйным выканкамаўскім сайце.

Тыдзень таму начальнік аддзела па ідэалагічнай працы Салігорскага райвыканкама Ларыса Жукава адрэагавала на пракурорскі зварот афіцыйным адказам. Зрэшты, прадставіць копію таямнічага рашэння чыноўніца зноўку адмовілася. Адзінай рэакцыяй яе на ліст з пракуратуры была прапанова самастойна пашукаць прадстаўніку БХК гэты дакумент ў слуцкім занальным дзяржархіве.

Адсутнасць загадкавага рашэння “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў” на афіцыйным сайце Салігорскага райвыканкаму Ларыса Жукава абгрунтавала рэгламентам Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.02.2014г. №3 “Аб некаторых пытаннях апубліквання і набыцця моцы прававымі актамі Рэспублікі Беларусь”. Якім менавіта чынам гэты Дэкрэт перашкаджае змяшчэнню на выканкамаўскім сайце абсалютна публічнага рашэння, начальнік аддзела па ідэалагічнай працы патулмачыць у сваім афіцыйным адказе не здолела.

Такую пазіцыю салігорскіх чыноўнікаў Леанід Мархотка не без іроніі называе шкодніцтвам і сабатажам. На думку праваабаронцы, закрытасць дзяржаўных органаў і нежаданне чыноўнікаў адэкватна рэагаваць на патрэбы грамадзян цягне за сабой цэлы шэраг негатыўных наступстваў як у грамадска-палітычнай, так і ў сацыяльна-эканамічнай сферах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства