“Народная воля” супраць Мінінфармацыі. У Вярхоўным судзе адбыліся папярэднія слуханні
Рэдакцыя выдання патрабуе прызнаць несапраўдным папярэджанне, вынесенае за артыкул Святланы Калінкінай.
Артыкул “На цепь!” 2 кастрычніка быў размешчаны ў аўтарскай калонцы публіцысткі і прысвечаны будучай ратыфікацыі дамовы пра Еўразійскі саюз.
У публікацыі шэф-рэдактарка “Народнай волі” Святлана Калінкіна дзялілася ўласным меркаваннем пра магчымыя “падводныя камяні” дамовы. У прыватнасці, гаварылася пра вельмі цьмяны парадак выхаду краінаў з Еўразійскага саюза.
Міністэрства інфармацыі ў аўтарскім меркаванні ўбачыла “распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая ўводзіць чытача ў зман”.
У адказ на папярэджанне Мінінфарма “Народная воля” звярнулася ў Вярхоўны суд.
– Мы лічым, што ў матэрыяле адной з самых вядомых публіцыстак у Беларусі Святланы Калінкінай не было распаўсюду якой-кольвек інфармацыі, а было толькі яе прыватнае меркаванне. Гэта меркаванне было вельмі важным для беларускага грамадства напярэдадні ратыфікацыі дамовы, бо падкрэслівала яе магчымыя слабыя бакі і адкрывала прастору для дыскусіі. У гэтай дыскусіі маглі ўзяць удзел любыя зацікаўленыя суб’екты: Мінінфармацыі, МЗС, іншыя. І ўсім ім мы гатовыя даць магчымасць выказацца на старонках “Народнай волі”, – заявіў у часе папярэдніх слуханняў справы галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч. – Але Мінінфарм не захацеў браць удзелу ў дыскусіі, а вырашыў ужыць карныя захады. Карныя, бо пасля двух папярэджанняў цягам года любая газета ў Беларусі можа быць закрытая, – дадае сп. Сярэдзіч.
Само міністэрства на папярэдніх слуханнях прадстаўлялі загадчыца Сектара рэгістрацыі СМІ Юлія Кочына і кіраўніца Упраўлення прававой і кадравай працы Вікторыя Мялешка.
У судзе яны заявілі, што не згодныя з патрабаваннямі “Народнай волі” і лічаць вынесенае папярэджанне законным. Чыноўніцы папрасілі далучыць да матэрыялаў справы заключэнне, зробленае па просьбе Мінінфарма Міністэрствам замежных спраў Беларусі адносна дамовы пра Еўразійскі саюз. Яны падкрэслілі, што, на думку міністэрства, артыкул Калінкінай не толькі наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, але і дыскрэдытуе знешнюю палітыку Беларусі.
Апроч гэтага, чыноўніцы прадставілі суду водгук Мінінфарма на заяву “Народнай волі” і адзначылі, што загадзя накіроўвалі яе і суду, і газеце. Аднак высветлілася, што газета атрымала водгук толькі раніцай перад пасяджэннем, а ў канцылярыю суда, па словах суддзі Алены Кастрама, дакумент наогул яшчэ не трапіў.
У сувязі з гэтым было прынята рашэнне асноўныя слуханні па справе распачаць на наступным тыдні - у пятніцу 23 студзеня.