viasna on patreon

Старшыня Магілёўскага абласнога суда прызнаў, што суд Крычаўскага раёна парушыў ГПК

2015 2015-01-14T11:47:44+0300 2015-01-14T11:47:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gerdzij-mikalaj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналіст крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій (на фота) атрымаў адказ на сваю скаргу ў пракуратуру Крычаўскага раёна ад старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошкі.

Мікалай Гердзій скардзіўся ў пракуратуру Крычаўскага раёна на несвоечасовае азнаямленне з пратаколам судовага пасяджэння па разгляду грамадзянскай справы па пазову аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай да газеты “Вольны горад” і яе журналістаў.

У адказе старшыня Магілёўскага абласнога суда паведаміў журналісту, што ў адпаведнасці з арт. 175 ГПК пратакол павінен быць складзены не пазней наступнага дня пасля сканчэння судовага пасяджэння альбо здзяйснення асобнага працэсуальнага дзеяння, а па складаных справах – на працягу пяці дзён.

Справа па пазову Марыны Максімавай да друкавана СМІ “Вольны горад” і журналістаў Мікалая Гердзія, Уладзіміра Кудраўцава і Сяргея Няроўнага аб кампенсацыі маральнай шкоды з вынясеннем рашэння была разгледжана 08.12.2014 г., а пратакол судовага пасяджэння па дадзенай грамадзянскай справе быў выраблены сакратаром судовага пасяджэння толькі 16.12.2014 г., гэта значыць з парушэннем устаноўленых арт. 175 ГПК тэрмінаў.

Ігар Прошка паведаміў журналісту, што ў сувязі з дапушчанымі парушэннямі на адрас старшыні суда Крычаўскага раёна накіраваны ліст аб неабходнасці няўхільнага выканання работнікамі суда грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства і недапушчэнні парушэнняў у далейшай працы.

Таксама старшыня суда напісаў Мікалаю Гердзію, што “законнасць і абгрунтаванасць вынесенай судовай пастановы, а таксама выкананне патрабаванняў грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства пры разглядзе справы будзе праверана судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда”.

Пасля атрымання адказу ад старшыні Магілёўскага абласнога суда журналісты газеты “Вольны горад” падрыхтавалі дадатак да сваёй касацыйнай скаргі на рашэнне суда Крычаўскага раёна па справе Марыны Максімавай, у якім выклалі інфармацыю аб гэтым і іншых дапушчаных парушэннях. 13 студзеня выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў накіраваў яго ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.

Нагадаем, што суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў, і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.

Падставай для падачы пазова стаў размешчаны 14 верасня 2014 года на інтэрнэт-сайце газеты “Вольны горад” артыкул “Не ў сваім крэсле?”. Аналагічны артыкул быў змешчаны таксама і ў друкаваным нумары выдання.

Выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 17 снежня 2014 г. накіраваў касацыйную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда, у якой просіць судовую калегію адмяніць рашэнне і спыніць вытворчасць па справе, спагнаць з Марыны Максімавай выплачаную ім дзяржпошліну ў памеры 225 000 рублёў, а таксама вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі Алены Азаранка за недастатковы прафесіяналізм.

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзіць касацыйную скаргу выдаўца крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” 21 студзеня ў 10-00.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства