viasna on patreon

Дамагчыся абвяржэння ганьбячых звестак не ўдалося

2015 2015-01-12T19:15:20+0300 2015-01-12T19:15:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-buhel.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда 12 студзеня адмовіла жыхарцы вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алене Марчанка ў задавальненні касацыйнай скаргі з просьбай адмяніць рашэнне суда Клімавіцкага раёна ад 17.10 2014 г. і прызнаць не адпавядаючымі сапраўднасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць ілжывыя звесткі, якія былі ўказаныя ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. і агалошаныя 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы № 07-01-81-2013.

“Абласны суд адмовіў спадарыні Марчанка ў задавальненні касацыйнай скаргі, нягледзячы на тое, што прызнаў шмат працэсуальных парушэнняў, дапушчаных судом Клімавіцкага раёна, - кажа праваабаронца Барыс Бухель. – Ён указаў, што гэтыя парушэнні не паўплывалі на правільнасць прыняцця рашэння судом Клімавіцкага раёна. Разам з тым, судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда задаволіла другасныя патрабаванні спадарыні Марчанка – адмовіла пракурору Клімавіцкага раёна ў задавальненні яго касацыйнага пратэсту на рашэнне суддзі суда Клімавіцкага раёна ад 17.10. 2014 г., прызнала участковага інспектара Вадзіма Панасенка адказчыкам нароўні з Клімавіцкім РАУС (раней у яго быў статус трэція асобы). Таксама было паведамлена, што Магілёўскі абласны суд накіруе ў суд Клімавіцкага раёна ліст аб дапушчаных працэсуальных парушэннях. Хутчэй за ўсё, гэта будзе прыватнае вызначэнне аблсуда на адрас суда Клімавіцкага раёна, аднак магчыма, што гэта будзе і простае пісьмо”.

Сама спадарыня Марчанка кажа, што яна абавязкова будзе абскарджваць рашэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда аб адмове ў задавальнені яе касацыйнай скаргі і пасля атрымання на рукі пісьмовай пастановы будзе накіроўваць на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошкі. Праваабаронца Барыс Бухель цалкам падтрымлівае такое рашэнне спадарыні Марчанка, бо лічыць, што рашэнне суда Клімавіцкага раёна ад 17.10.2014 г. па пазову спадарыні Марчанка не з’яўляецца аб’ектыўным, суддзя пры разглядзе пазова не прыняла да ўвагі шэраг выкладзеных у пазове доказаў і фактаў.

Нагадаем, што ў касацыйнай скарзе Алена Марчанка прасіла адмяніць рашэнне суда Клімавіцкага раёна ад 17.10 2014 г. і прызнаць не адпавядаючымі сапраўднасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць ілжывыя звесткі, якія былі ўказаныя ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. і агалошаныя 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы № 07-01-81-2013. Спадарыня Марчанка патрабуе абвяржэння наступных звестак: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі не рэагуе.

Раней суд Клімавіцкага раёна 17 кастрычніка прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні пазова аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. У якасці адказчыкаў па пазову выступалі ўчастковы інспектар Клімавіцкага РАУС Вадзім Панасенка і Клімавіцкі РАУС.

17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства