Брэст: аштрафаны журналіст абскарджвае рашэнне суда
Незалежны журналіст Алесь Ляўчук падаў скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста, які 24 снежня мінулага года пакараў фрылансера штрафам ў памеры 40 базавых велічынь.
У пастанове суда гаворыцца, што Ляўчук пакараны “за парушэнне парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ” (такім парушэннем суд палічыў размяшчэнне відэароліка на сайце БелСат).
У сваёй скарзе Алесь Ляўчук адзначае, што нязгодны з гэтай пастановай паводле некалькіх падстаў. У прыватнасці, паводле журналіста, пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні суд не высвятліў усіх абставін гэтай справы (не было ўстаноўлена, ці было здзейснена адміністрацыйнае правапарушэнне і ці падлягае асоба, прыцягнутая па справе, да адміністрацыйнай адказнасці). Акрамя таго, паводле меркавання Алеся Ляўчука, высновы суда, пакладзеныя ў выніковую пастанову, супярэчаць матэрыялам справы і прывялі да ўжывання судом артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэнняў, які ўсталёўвае адказнасць не для журналістаў, а для рэдакцый СМІ і распаўсюднікаў прадукцыі СМІ.
Журналіст таксама сцвярджае, што суд праігнараваў парушэнні, якія былі здзейснены пры складанні пратаколааб адміністрацыйным правапарушэнні (Ляўчук не быў выкліканы ў міліцыю позвай, я к гэта патрабуе закон, а сам пратакол складзены з грубымі парушэннямі працэсуальнага заканадаўства). На падставе гэтых ды іншых выкладзеных у скарзе высноваў Алесь Ляўчук просіць адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна г.Брэста і спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.