Жыхарка Клімавіцкага раёна падала касацыйную скаргу з мэтай дабіцца прабачэнняў ад участковага
Жыхарка вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алена Марчанка 2 снежня накіравала касацыйную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абланога суда. Яна просіць адмяніць рашэнне суда Клімавіцкага раёна ад 17.10 2014 г. і прызнаць не адпавядаючымі сапраўднасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць ілжывыя звесткі, якія былі ўказаныя ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. і агалошаныя 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы № 07-01-81-2013.
У прыватнасці, спадарыня Марчанка патрабуе абвяржэння наступных звестак: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі не рэагуе.
Спадарыня Марчанка просіць судовую калегію абавязаць адказчыка абвергнуць звесткі, ганьбячыя яе, шляхам прадастаўлення характарыстыкі, якая не адпавядае рэчаіснасці, за подпісам участковага інспектара Панасенкі В. С. і агалошвання яе на бліжэйшым планавым пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў яе прысутнасці, а таксама наступнага публічнага прынясення ўчастковым інспектарам Панасенка В. С. ёй выбачэнняў. Таксама Алена Марчанка звяртаецца да судовай калегіі з просьбай спагнаць з адказчыка ўплачаную ёй дзяржпошліну ў памеры 675 000 рублёў.
Нагадаем, што раней суд Клімавіцкага раёна 17 кастрычніка прыняў рашэнне адмовіць жыхарцы вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алене Марчанка ў задавальненні пазова аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. У якасці адказчыкаў па пазову выступалі ўчастковы інспектар Клімавіцкага РАУС Вадзім Панасенка і Клімавіцкі РАУС.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што рашэнне суда Клімавіцкага раёна не з’яўляецца аб’ектыўным, суддзя не прыняла да ўвагі шэраг выкладзеных у пазове доказаў і фактаў. Барыс Бухель спадзяецца, што судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда адменіць рашэнне суда Клімавіцкага раёна, бо пры разглядзе пазова Алены Марчанкі ў гэтым судзе былі дапушчаны шматлікія грубыя парушэнні і гэта рашэнне не можа лічыцца абгрунтаваным.
Да звароту ў суд Алена Марчанка звярталася ў Клімавіцкі РАУС, УУС Магілёўскага аблвыканкама і прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. Сама Алена Марчанка выказвала нязгоду з гэтым сцвярджэннем супрацоўніка міліцыі і ў якасці доказу прывяла той факт, што яна ні разу не прыцягвалася да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці дысцыплінарнай адказнасці за распаўсюд ілжывай альбо паклёпніцкай інфармацыі.
Таксама спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенка, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.
Станоўчага выніку папярэднія звароты спадарыні Марчанкі аб прыцягненні да адказнасці ў РАУС і УУС таксама не прынеслі.
Нагадаем таксама, што 17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.
Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы.
Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.