viasna on patreon

Светлагорск: суд над Юрыем Ляшэнкам адклалі, міліцыя дапрацоўвае матэрыялы справы

2014 2014-11-27T16:21:05+0300 2014-11-27T16:21:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_svetlahorskaha_rajona.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 лістапада ў Светлагорску павінен быў адбыцца суд па адміністрацыйнай справе ў дачыненні грамадскага актывіста, інваліда 1 групы Юрыя Ляшэнка. На яго складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП – парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Але суд не адбыўся. Калі Юрый Ляшэнка з адвакатам прыбылі ў суд, да іх падышоў падпалкоўнік міліцыі і паведаміў, што суд пакуль не адбудзецца, бо матэрыялы справы патрабуюць дапрацоўкі.

Днямі грамадскі актывіст з'язджае за мяжу на лекаванне, таму напісаў заяву ў суд, каб справу не разглядалі без яго прысутнасці.

Нагадаем, 25 лістапада пры спробе зладзіць пікет каля райвыканкаму Юрыя Ляшэнку забрала хуткая дапамога. Ён спрабаваў зладзіць каля райвыканкаму пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў знак пратэсту супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў праводзіць масавае мерапрыемства. Але 25 лістапада Юрый Ляшэнка выехаў на вазку на цэнтральную плошчу Светлагорска. Праз некалькі хвілін, не паспеў ён і разгарнуць плакат, як да яго падбеглі супрацоўнікі «хуткай», якая з мігалкамі пад'ехала на плошчу, і мужчыну пацягнулі ў аўтамабіль. «Мяне двое супрацоўнікаў «хуткай» пераконвалі, што мне блага, і мне патрэбная неабходная дапамога, я наогул не мог зразумець – што адбываецца. Мне было добра, хуткую я не выклікаў! У шпіталі мне памералі ціск, зрабілі кардыяграму, сказалі, што ў мяне тахікардыя і ўкалолі укол. Потым прыйшоў міліцыянер, які апытаў мяне», - распавёў актывіст.

Пасля наведвання міліцыянера, які склаў пратакол па артыкуле 23.34 КаАП, медсястра сказала Юрыю Ляшэнка, што ён можа ісці дахаты, бо яму «аказана неабходная дапамога».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства