viasna on patreon

У Шклоўскім раёне пералічылі “дармаедаў” і ўзяліся за алкаголікаў

2014 2014-11-27T16:00:55+0300 2014-11-27T16:00:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sialgaspraca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Шклоўскім раёне ўжо сфармаваны папярэднія дадзеныя па людзях, якія не працуюць і не плацяць падаткаў у бюджэт, аднак карыстаюцца паслугамі адукацыі, аховы здароўя і г. д. Адпаведная інфармацыя прагучала на чарговым пасяджэнні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта, паведамляе раённая газета “Ударны фронт” (№91 ад 26 лістапада 2014 года).

Пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі прапанаваў членам выканаўчага камітэта ўнесці ў праект рашэння пункт, які будзе патрабаваць ад зацікаўленых служб разгляду да канца года на Саветах грамадскіх пунктаў аховы правапарадка пры сельвыканкамах непрацуючых і асобаў і варыянтаў іх працаўладкавання. Прапанова была падтрыманая.

На пасяджэнні райвыканкама таксама было вызначана, што з 1 па 31 снежня 2014 года на тэрыторыях Каменалаўскага і Славенскага сельсаветаў будуць створаны “зоны цвярозасці”, на якіх будзе забаронена рэалізацыя алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва. Яшчэ адно новаўвядзенне будзе датычыцца асоб, якія стаяць на прафілактычным уліку ў РАУС. У перыяд з 1 снежня 2014 года па 28 лютага 2015 года на тэрыторыі г. Шклова і Шклоўскага раёна будзе забаронены продаж гэтым асобам алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва. Таксама напасяджэнні Шклоўскага райвыканкама зацверджаны даты правядзення “Дней цвярозасці” у 2015 годзе, а таксама абмежавана рэалізацыя алкаголю ў вячэрні і начны час.

Між тым, абсалютна незразумела, для чаго Шклоўскаму райвыканкаму спатрэбілася ствараць спісы так званых “дармаедаў”. Згодна дадзеных, змешчаных на афіцыйным інтэрнэт-сайце Шклоўскага райвыканкама, на 1 студзеня 2014 года ўзровень беспрацоўя ў Шклоўскім раёне складаў 0,2% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Прыкладна такім ён і застаецца, згодна афіцыйных дадзеных шклоўскіх статыстыкаў, і на працягу ўсяго 2014 года. Больш за тое, у афіцыйным адказе на зварот грамадскага актывіста са Шклова Рыгора Кастусёва да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі першы намеснік старшыні магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда піша, што “аблвыканкамам і райвыканкамам праводзяцца неабходныя мерапрыемствы па забеспячэнню належнага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага жыцця насельніцтва раёна і падтрыманню стабільнасці ў эканомікі рэгіёна. У сферы занятасці насельніцтва раёна адзначаецца стабільная сітуацыя. Прамысловыя, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і аб’екты сацыяльнай сферы працуюць у адпаведным рэжыме”.

Абсалютна незразумела, чаму пры стабільнай сітуацыі ў сферы занятасці насельніцтва і афіцыйным мізэрным узроўні беспрацоўя ў 0,2% у Шклоўскім раёне яшчэ і ствараюцца спісы “дармаедаў”, у якіх аднекуль знаходзяцца сотні чалавек. Пры гэтым таксама згодна артыкула 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне “Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы”.

Што ж датычыцца стварэння “зон цвярозасці” і забароны на продаж алкаголю асобам, якія стаяць на прафілактычным уліку ў РАУС, то падобныя меры ўжо прымаліся ў Шклоўскім раёне ў 2012 годзе. Нейкіх значных поспехаў тады дасягнута не было, наадварот, такая забарона дала зваротны эфект і толькі стымулявала попыт з боку пэўнай часткі насельніцтва раёна.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства