Палітвязень Аліневіч: пасьля спатканьня з бацькамі — паласа маўчаньня
Ігар Аліневіч пасьля сустрэчы з бацькамі не выходзіць на сувязь.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч таксама не пажадаў пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Сёлета ўлетку Аліневіча перавялі ў віцебскую калёнію, дзе ў яго неўзабаве пачаліся праблемы — патрапіў у карцэр нібыта за парушэньні ўнутранага парадку. Маці Ігара Аліневіча не выключае, што з яе сынам зноў нешта адбываецца ў калёніі, паколькі ад яго няма ніякіх зьвестак.
«Нічога пра яго не магу паведаміць, бо ад яго няма званкоў і лістоў. Як мы сустрэліся зь ім 21 кастрычніка, калі ён толькі выйшаў з карцэру, дзе адбыў 30 дзён, дык нічога ад яго няма. Вельмі непакоюся, бо такое ўжо бывала, што ён трапляў пад пакараньне пасьля нашых спатканьняў».
Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле артыкулу аб хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў.